У Берліне прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі
Нагодай стала два гады са дня мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта 19 снежня адбылося масавае парушэнне правоў чалавека - на мірнай акцыі было затрымана каля 700 чалавек, дзясяткі актывістаў былі жорстка збітыя міліцыянтамі.
Актывісты Amnesty International нагадалі пра гэта ў сваёй акцыі, якая прайшла сёння побач з беларускай амбасадай у Берліне. Яны збіралі подпісы за вызваленне Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Эдуарда Лобава. Паштоўкі салідарнасці для зняволеных былі раздадзеныя мінакам, каб яны падпісалі іх і адправілі словы салідарнасці.
Amnesty International заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх вязняў сумлення, а таксама іх рэабілітацыі і зняцця абвінавачванняў.
Нагадаем, у Беларусі за кратамі застаецца 12 палітвязняў.