Антон Сурапін не ведае, што з ягонай справай
Фатограф усё яшчэ знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Фатограф Антон Сурапін быў вызвалены з ізалятара КДБ чатыры месяцы таму. Ён усё яшчэ знаходзіцца ў статусе абвінавачанага, але на допыты яго больш не выклікалі. А звяртацца самому ў тую ўстанову лічыць непрыемным. Чакае, што нейкая яснасць будзе пасля суда над памежнікам, які прапусціў шведскі «плюшавы дэсант».
Хлопец вучыцца на 4 курсе журфака БДУ. Кажа, што ніякіх праблем не мае. І размоваў з адміністрацыяй пра зняволенне не было.
«Нават дэкан Дубовік не выклікаў, пакуль я сам да яго не прыйшоў». Сурапін звярнуўся да яго па каментар для артыкула. «А, той герой... » — толькі і сказаў Дубовік.
За студэнцкую практыку Сурапін атрымаў восем балаў.
Фатограф першым выставіў здымкі плюшавых
мядзведзікаў, якіх скідалі шведы з самалёта 4 ліпеня. За гэта яго арыштавалі і
абвінавацілі ў саўдзеле ў злачынстве і незаконным перасячэнні мяжы. Як
аказалася, тое фота яму перадала дзяўчына Каця Скурат з Івянца. Па вызваленні
хлопец публічна прапанаваў ёй ажаніцца. Але гісторыя не атрымала працягу. Цяпер
Антон не хоча гаварыць пра прыватнае жыццё.