Стэфан Эрыксан: Тыя гады, якія прайшлі ў Беларусі, былі для мяне найлепшымі ў маім жыцці
"Тыя
гады, якія прайшлі ў мяне ў Беларусі, былі для мяне вельмі добрымі, найлепшымі,
можна казаць, у маім жыцці", — заявіў былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан
Эрыксан у навагоднім віншаванні беларусам.
Віншаванне Эрыксана на беларускай мове было знята ў Вільнюсе (Літва)
журналістамі сайта nn.by
і размешчана на сайце, а таксама на партале Youtube 26 снежня.
"Год, які прайшоў, шмат для каго быў няпростым, у тым ліку для мяне. Я
хачу пажадаць, каб новы год стаў для вас, для нас усіх найлепшым. Я б хацеў
пажадаць вам усім, канешне, дабра, здароўя, дабрабыту і ўсяго астатняга, як
звычайна жадаюць на Новы год", — сказаў Эрыксан.
Але, як падкрэсліў былы пасол, ён хацеў бы вылучыць "яшчэ дзве рэчы".
"Я б хацеў пажадаць вам, беларусам, больш упэўненасці. Упэўненасці ў сабе,
штодзённа, у жыцці, у любві. Упэўненасці ў сабе, як беларусы, як прадстаўнікі
вельмі цудоўнай краіны, з багатай гісторыяй, цікавейшай культурай. Гэтым трэба
ганарыцца. Яшчэ бы хацеў вам пажадаць шмат дабра, каб было шмат дабрыні ў вашым
жыцці. Гэта дапамагае жыць", — сказаў Эрыксан.
"Людзі ёсць розныя, усіх, мабыць, нельга палюбіць, але паважаць адзін
аднаго — трэба. Нават з чалавекам, які не раздзяляе вашыя думкі, трэба заўжды
старацца знайсці агульную мову, шукаць кампрамісы. Гэтага я таксама вам жадаю,
беларусы, у наступным годзе", — адзначыў Эрыксан.
"Нават калі я буду вельмі далёка, у Швецыі, хачу вас упэўніць, што я ў
сэрцы з вамі. Тыя гады, якія прайшлі ў мяне ў Беларусі, былі для мяне вельмі
добрымі, найлепшымі, можна казаць, у маім жыцці. Я вельмі па вам сумую, я
нікуды не знікну і буду з вамі", — прызнаўся Эрыксан.
Завяршыў сваё віншаванне ён воклічам "Жыве Беларусь!".
Нагадаем, 1 жніўня ўлады Беларусі паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі
паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У
адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і
рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі аб`явіла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага
пасольства ў Стакгольме і рэкамендавала шведскаму боку да 30 жніўня адклікаць
усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.