viasna on patreon

Гары Паганяйла: “Абароне Пачобута варта больш актыўна дзейнічаць...”

2012 2012-12-26T17:28:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыня юрыдычнай камісіі РПГА “Беларускі хельсінскі камітэт” дапускае, што следству не хапае доказаў віны журналіста. У гэтых умовах можна ставіць пытанне пра спыненне расследавання яго справы, – лічыць юрыст.

На сёння следства па справе Андрэя Пачобута прыпыненае ў сувязі з прызначэннем чарговай судова-лінгвістычнай экспертызы – ужо чацвёртай па ліку.

“Я думаю, што, следству не хапае нейкіх істотных доказаў, і яно ў чарговы раз спрабуе іх атрымаць шляхам экспертызы, – зазначыў Гары Паганяйла ў гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”. – Хаця ў тэкстах, з якімі я азнаёмлены, я не знаходжу ані паклёпу, ані зняваг, ані чагосьці падобнага. Як выбудавана абвінавачанне, мне невядома, але я мяркую, што там шмат надуманага, прыцягнутага за вушы, і гэта крайне складана зараз даказаць, а хочацца...

– Ёсць меркаванне, што, калі справа трапіць у суд, то для Андрэя Пачобута  гэта будзе азначаць адназначнае пазбаўленне волі, бо ў яго па мінулай крымінальнай справе “вісіць тэрмін”. Ці можа так стацца, што ў суд справа не трапіць, і пры якіх умовах?

Гэта можа адбыцца толькі па рашэнні органа папярэдняга следства, калі ён не знойдзе дастаткова важкіх доказаў для абвінавачання, якое можна падтрымаць у судзе... Але тое, як доўга ідзе следства і як учапіліся ўлады ў Пачобута, гаворыць пра тое, што яны хочуць справу ўсё ж давесці да суда. Складана спрагназаваць вынік судовага разгляду, таму што мы ведаем, наколькі нашы суды залежныя ад выканаўчай улады, ад тых жа органаў следства, пракуратуры...

У гэтых умовах, як мне падаецца, трэба абароне больш актыўна дзейнічаць. Калі на сёння недастаткова доказаў, можна ставіць пытанне ўжо зараз пра спыненне расследавання крымінальнай справы ў сувязі з недаказанасцю віны, а не чакаць, што прадпрыме следства.

– Ці ўплывае грамадскі рэзананс на ход следства па такіх справах, як Вы лічыце?

Канешне. Але ўплыў можа быць розны.

З аднаго боку, любое грамадскае абмеркаванне (найперш – калі гаворка ідзе пра выкарыстанне крымінальных інструментаў для разборак з незалежнымі журналістамі, актывістамі грамадзянскай супольнасці) заўсёды дапамагае ў адстойванні іх правоў.

З іншага боку, часам улады робяць абсалютна наадварот: чым больш шуму, тым больш яны спрабуюць давесці сваю рацыю і незаконна асуджаюць, каб абяліць і сябе як уладу, і тыя органы, якія робяць беззаконне. Маўляў, суд адбыўся, суд паўсюль паважаны, незалежны орган, і з яго рашэннем трэба змірыцца і падпарадкавацца...

Нагадаем, карэспандэнта польскай “Gazety Wyborczej”, сябра БАЖ абвінавачваюць у парушэнні ч. 2 арт. 367 КК РБ “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Справу завяло ўпраўленне Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці ў чэрвені 2012 г. на падставе шэрагу публікацый журналіста ў інтэрнэце.

21 чэрвеня ў яго кватэры ў Гродна адбыўся ператрус, у выніку якога ў журналіста забралі аргтэхніку. Да 30 чэрвеня журналіст прасядзеў у гродзенскім СІЗА, пасля чаго быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Да гэтага тэрміну можа дадацца трохгадовы тэрмін зняволення, на які Пачобут быў асуджаны 5 ліпеня 2011 г. з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Тады журналіста таксама прызналі вінаватым у парушэнні арт. 367 ч. 1 (паклёп на прэзідэнта). Па законе, калі на працягу двух гадоў асуджаны здзейсніць парушэнне гэтага ж артыкулу закона, то пакаранне абавязкова будзе ўжыта супраць яго.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства