ЕС будзе супрацоўнічаць з паліцыямі краін «Усходняга партнёрства»
Еўрапейская Камісія прыняла новую праграму падтрымкі супрацоўніцтва паліцэйскіх служб ЕС і краін Усходняга партнёрства.
Прадстаўніцтва ЕС у Мінску паведамляе, што праграма прадугледжвае абмен досведам кіравання паліцыяй і барацьбы з трансмежнай злачыннасцю.
Агульны бюджэт праграмы, разлічанай на чатыры гады, складае 5 мільёнаў еўра.
«Давер праваахоўным органам з'яўляецца адной з галоўных умоў стварэння ўстойлівай дэмакратыі. І мы верым, што супрацоўніцтва паліцэйскіх службаў можа значна палепшыць стан законнасці і правапарадку ў краінах, якія з'яўляюцца нашымі ўсходнімі суседзямі», - заявіў еўракамісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле, выказванні якога прыводзяцца ў прэс-рэлізе прадстаўніцтва ЕС.
Як адзначыў Фюле, рэформа праваахоўнай сістэмы, уключаючы паліцэйскую рэформу, з'яўляецца адным з асноўных крытэрыяў, па якім ЕЗ будзе ацэньваць прагрэс і адаптаваць сваю падтрымку, якая вылучаецца нашым усходнім партнёрам.
Праграма супрацоўніцтва паміж паліцэйскімі сіламі ЕС і краін Усходняга партнёрства прадугледжвае спецыялізаванае навучанне і абмен перадавым вопытам, з мэтай павышэння ўзроўню ведаў і ўменняў паліцыі ўсходніх суседзяў як у сферы паліцэйскага кіравання, так і ў сферы барацьбы з трансгранічнай злачыннасцю.
Нагадаем, у мінулым годзе разгарэўся скандал з нагоды супрацоўніцтва паліцыі Германіі з беларускімі сілавікамі. У ліпені 2012 года быў адпраўлены ў адстаўку шэф нямецкай паліцыі Маціяс Зеегер. Сярод іншага яму ставіліся ў віну кантакты з беларускім урадам.
Па інфармацыі выдання Der Tagesspiegel, у лістападзе 2010 года беларускім сілавікам было дазволена назіраць за дзеяннямі нямецкіх паліцэйскіх падчас разгону дэманстрантаў. Тады ўжываліся вадамёты, слезацечны газ і гумовыя дубінкі. У цэлым з нямецкай дапамогай падрыхтоўку ў Германіі і на радзіме прайшло ў агульнай колькасці 500 супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў.
Нямецкія СМІ адзначаюць, што федэральная паліцыя і крымінальная служба з 2008 года навучалі беларускіх калег, у тым ліку памежнікаў. Пры гэтым МУС Германіі дзейнічала па ўзгадненні з МЗС. Супрацоўніцтва пачалося пасля таго, як Мінск «даў сігнал гатоўнасці да прававых рэформ», і мела на мэце «садзейнічаць дэмакратычнай і прававой свядомасці».