viasna on patreon

Уладзімір Целяпун: “Свабода гарантуецца, але адсутнічае”

2013 2013-01-04T15:48:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/celiapun.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун

Уладзімір Целяпун

Аб працы праваабаронцы ў рэгіёне, праблемах райцэнтра і яго жыхароў, абароне правоў грамадзян, спробах уплываць на мясцовыя ўлады, дапамозе людзям у самаарганізацыі для вырашэння сваіх праблемаў, выніках 2012 году гутарка з Уладзімірам Целяпуном з Мазыра.

 

Якія важныя падзеі, з пункту гледжання Вас, як праваабаронцы, адбыліся ў Мазыры ў 2012 годзе?

 

2012 год для мяне, як для сябра Праваабарончага цэнтра «Вясна», адметны тым, што гэта быў год нашай дзейнасці без нашага кіраўніка, Алеся Бяляцкага. «Вясна», я лічу, годна прыняла гэты выклік існуючым уладам: арганізацыя працягвае сваю дзейнасць па абароне правоў грамадзян, нягледзячы на арышт лідэра, канфіскацыю цэнтральнага офісу ў Мінску, пераслед і ціск на праваабаронцаў у сталіцы і рэгіёнах. Арышт і пазбаўленне волі Алеся Бяляцкага, кіраўніка «Вясны», віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека выклікала ў свеце вялікую хвалю салідарнасці і падтрымкі палітычных вязняў на Беларусі, згуртавала праваабаронцаў краіны і міжнародных структураў.

Значнай падзеяй мінулага году я лічу і правал спробы ўладаў натравіць актывістаў праўладных прафсаюзаў на апанентаў рэжыму. Так з’явіліся судовыя позвы некаторых так званых «прафсаюзных актывістаў» буйных прадпрыемстваў да лідэраў апазіцыі і грамадзянскіх ініцыятываў. Не абмінуў гэты вірус і наш горад. Работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала ў суд на палітыка Віктара Івашкевіча. І ў гэты ж час на гэтым жа прадпрыемстве пад рэпрэсіўны ціск патрапілі структуры незалежнага прафсаюзу. Ідэалагічныя кіраўнікі прадпрыемстваў, як правіла, былыя супрацоўнікі КДБ, МУС, пераносяць свае метады працы (правакацыі, запалохванні) у працоўныя калектывы.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паказалі, што ўлада зрабіла ўсё магчымае, каб дыскрэдытаваць саму сутнасць выбараў. Таму і давер людзей да іх становіцца ўсё меншым. Большасць выбаршчыкаў не ведае тых, каго яны «выбралі». Выбары перасталі быць выбарам людзей, а ператварыліся ў кампаніі прызначэння дэпутатаў усіх узроўняў.

Значнай падзеяй у нашым райцэнтры быў «Канец свету па-мазырскі» ў снежні 2012 года, калі горад быў без святла, ацяплення і вады. Па сутнасці, гэтая лакальная тэхнагенная катастрофа паказала, як лёгка пасеяць панічныя настроі сярод людзей, асабліва жыхароў горада.

Шмат высноваў можна зрабіць з гэтага надзвычайнага здарэння, асабліва такіх, як на самой справе ўлада дбае пра простых людзей. У Мазыры тады ў крамах хутка разабралі пітную і мінеральную ваду, што выклікала паніку, былі перабоі як з гарадской, так і мабільнай сувяззю. Асабліва падагравала плёткі і паніку тое, што адсутнічала афіцыйная, аператыўная і аб'ектыўная інфармацыя, што, дарэчы, гарантуецца грамадзянам Канстытуцыяй, тым больш што тая катастрофа сярод зімы закранала правы і законныя інтарэсы грамадзян, якія засталіся без святла, цяпла і вады.

 

У якіх працэсах (судовых, выбарах, абароне правоў чалавека) вы удзельнічалі ў 2012 годзе?

 

Па-першае, гэта падтрымка грамадскіх актывістаў. Прайшлі ўсе стадыі судовых абскарджанняў па «маўклівых» акцыях 2011 году, і ўжо пададзена скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН. Таксама рыхтуецца індывідуальная скарга ад майго імя ў Камітэт па правах чалавека ААН на забарону пікетаў у 2011 годзе ў падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў Беларусі. Працягваюцца судовыя абскарджанні па забароне пікетаў у Мазыры. Сябры АГП планавалі правесці пікет у мэтах актуалізацыі праблемы адсутнасці ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў, аднак Мазырскі райвыканкам забараніў сябрам палітычнай партыі публічна выказаць сваё меркаванне.

Хачу засяродзіць ўвагу, што беларускія ўлады пазбаўляюць права ўсіх грамадзян публічна выказаць сваё меркаванне, што гарантуецца Канстытуцыяй, артыкулам 35: «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічнага шэсця, дэманстрацыі і пікетавання … гарантуюцца дзяржавай». Свабода гарантуецца, але адсутнічае, застаецца толькі дэкларацыяй. Таму і законы і рашэнні, якія павінны прапісваць дакладную працэдуру нашага права, такія заблытаныя і двухсэнсоўныя, каб мы не маглі гэтым правам скарыстацца.

 

Ці ўдалося атрымаць нейкія перамогі па абароне правоў на мясцовым узроўні ў 2012 годзе?

 

Я дапамагаў адстаяць свае правы работніц камунальнага прадпрыемства, незаконна звольненых з працы. 30 мая 2012 года суд Мазырскага раёна задаволіў зыск супрацоўніцам камунальнага жыллёвага унітарнага прадпрыемства «Мазырскі райжылкамгас» да гэтага прадпрыемства аб кампенсацыі маральнай шкоды за незаконнае звальненне з працы. Работніцы запатрабавалі выплаціць кампенсацыю за маральную шкоду ў памеры 5 мільёнаў рублёў. Суд пастанавіў выплаціць супрацоўніцам КЖУП «Мазырскі райжылкамгас» кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры аднаго мільёна рублёў.

Станоўчым вынікам у маёй працы можна лічыць практыку «Адкрытых зваротаў» да мясцовай улады з прыкладаннем фотаздымкаў па агульных праблемах жыхароў Мазыра, з шырокім інфармаваннем грамадзян праз усе магчымыя сродкі інфармацыі, ў тым ліку і праз інтэрнэт, малатыражныя бюлетэні грамадскіх ініцыятываў. Дзякуючы такім мерам – адкрытым зваротам, быў праведзены рамонт вуліцы Заслонава, аднак пакуль амаль нічога не зроблена па вуліцы Гастэла. Магчыма нешта будзе зроблена там ў 2013 годзе.

Сваім абавязкам лічу не самому звяртацца да адпаведных структураў па вырашэнні праблемных пытанняў, а дапамагчы грамадзянам у самаарганізацыі, заахвоціць іх праяўляць ініцыятыву па адстойванні сваіх правоў на годнае жыццё.

 

Выкажыце свае меркаванне – якія змены на ўзроўні Мазыра адбыліся ў 2012 годзе, маецца на ўвазе развіццё грамадзянскай супольнасці, свядомасць людзей, ці адбыўся нейкі прагрэс у гэтым накірунку, ці наадварот – рэгрэс? Якія праблемы найбольш актуальныя для жыхароў Мазыра? Ці хвалююць мясцовых жыхароў такія праблемы, як палітычныя і грамадзянскія свабоды, ці большасць ўсе-такі заклапочана толькі коштамі ды дробнымі «мяшчанскімі» праблемамі?

 

Адкажу на гэтыя пытанні народнай прымаўкай: «Рыба гніе з галавы, аднак чысцяць яе з хваста». Складваецца такое ўражанне, што ўлады не асабліва зацікаўленыя ў тым, каб грамадзяне жылі заможна. Бедныя лепш паддаюцца кіраванню. Павышаючы заробак (ужо каторы раз да абяцаных 500 даляраў), трэба ўлічваць, што і павысяцца патрабаванні людзей да якасці свайго жыцця, яго умоваў і асяродка. Мясцовыя ўладныя структуры да гэтага не гатовыя. Павінна быць і ініцыятыва саміх грамадзян. А што грамадзяне назіраюць? Усё пачынаецца з выбараў! Выбарчыя кампаніі і паказваюць грамадзянам краіны праз дзеянні членаў выбарчых камісіяў адносіны ўладаў да закона. Людзі жадаюць мець сваіх выбраных прадстаўнікоў у гэтую самую ўладу, а не прызначэнцаў. Ігнаруючы закон у працэсе выбарчай кампаніі прадстаўнікамі ўлады, ці магчыма чакаць і патрабаваць ад грамадзян іншага стаўлення да закона?

Людзі бачаць, як «гарант Канстытуцыі» публічна абыходзіцца з дырэктарамі буйных прадпрыемстваў, міністрамі. Аўтарытэта самой уладзе ўсіх узроўняў такія паводзіны не дадаюць, і такой уладзе не давяраюць, што б яна там не абяцала. Вынік – масавы выезд на працу ў Расію, іншыя краіны, асабліва гэта заўважаецца ў райцэнтрах. Такое адчуванне, што хутка застануцца адно п'яніцы, пенсіянеры, міліцыянеры ды апазіцыянеры. Альбо частка з іх.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства