viasna on patreon

Закон аб альтэрнатыўнай службе могуць зрабіць жорсткім і фармальным

2013 2013-01-11T11:44:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ahs-u-rasii.jpg
Сацыяльная рэклама за АГС у Расіі

Сацыяльная рэклама за АГС у Расіі

Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2013 год. Адзін з іх у беларускіх рэаліях цалкам можна назваць сенсацыйным - "Аб альтэрнатыўнай службе". Аднак ёсць рызыка, што і гэтая рэформа пройдзе без удзелу грамадзянскай супольнасці.

Сутнасць альтэрнатыўнай грамадзянскай службы (АГС) у тым, што ў краінах з усеагульным воінскім абавязкам чалавек, які па сваіх глыбокіх перакананнях, часцей за ўсё рэлігійных ці пацыфісцкага характару, адмаўляецца браць у рукі зброю, мае магчымасць выканаць свой абавязак у іншай форме. Часцей за ўсё гэта праца ў шпіталях, хоспісах, дамах састарэлых і іншых установах, якія пакутуюць ад кадравага дэфіцыту.

Права на альтэрнатыўную службу замацавана ў артыкуле 57 беларускай Канстытуцыі. Аднак закона аб гэтым да гэтага часу не было. Вось і атрымліваецца, што прызыўнік, які хоча скарыстацца сваім канстытуцыйным правам, становіцца "ухілістам" з пункту гледжання ваенкаматаў і судоў.

Доўга цягнулі з-за лобі сілавікоў

Па незразумелай, на першы погляд, прычыны прыняцце відавочна неабходнага закона зацягвалася. Кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend юрыст Алена Танкачова падкрэслівае: "Калі за 18 гадоў гэты прабел не быў ліквідаваны, узнікаюць пытанні да таго, наколькі адказна заканадаўца ставіцца да канстытуцыйных палажэнняў і рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян".

У дадатак, яшчэ ў 2000 годзе Канстытуцыйны суд заклікаў такі закон прыняць. У лютым 2010 года такое даручэнне дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву даў сам Аляксандр Лукашэнка. Назіральнікі звязвалі гэта з гучнымі справамі Дзмітрыя Смыка і Івана Міхайлава.

Цягнуць было больш немагчыма. Як заўважае каардынатар кампаніі "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу" Міхаіл Пашкевіч, "адна справа ігнараваць меркаванне грамадскасці, іншае - распараджэнне прэзідэнта".

Але нават пасля гэтага працоўная група, сфарміраваная для падрыхтоўкі законапраекта, доўга не ўносіла яго ў парламент.

На думку Міхаіла Пашкевіча, галоўным супернікам альтэрнатыўнай службы выступае Міністэрства абароны.Справа ў тым, што альтэрнатыўная служба дае магчымасць выбару. А значыць, ваенным прыйдзецца змагацца, каб маладыя людзі выбралі менавіта казарму. "Калі з'яўляецца канкурэнт, цяжка захоўваць статус-кво, атрымліваць тыя ж грошы з бюджэту, нічога не змяняючы", - рэзюмуе суразмоўца.

Улада адмаўляецца ад паслуг грамадзянскай супольнасці

Узначалены Аленай Танкачовай Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend ужо некалькі гадоў займаецца распрацоўкай прапаноў па пытанні легалізацыі ў Беларусі альтэрнатыўнай грамадзянскай службы. Але пакуль улады праяўляюць да іх, мякка кажучы, стрыманую цікавасць.

Як распавяла праваабаронца ў каментары БелаПАН, цэнтр арганізаваў кампанію "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу", правёў канферэнцыю з удзелам замежных спецыялістаў, выдаў унікальны дапаможнік з абагульненнем замежнага вопыту і рэкамендацыямі уладам і, нарэшце, разаслаў вынікі працы ва ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя ўстановы.

Рэакцыя ўладаў была чаканай. На ўсе прапановы незалежных экспертаў давалі стандартны адказ: "Прынята да ведама".

"Да дзейнасці працоўнай групы грамадскасць запрошана не была", - адзначае Алена Танкачова. - Ну а затым на законапраект і зусім быў накладзены грыф "для службовага карыстання". Казалі, што ініцыятарам гэтага кроку стаў непасрэдна Савет бяспекі. Гэта значыць, што грамадскасць страціла афіцыйную магчымасць мець праект закона для асэнсавання і крытыкі".

Такім чынам, Алена Танкачова гатовая толькі выказаць надзею на магчымую адкрытасць уладаў: "Павінен быць нармалізаваць працэс абмеркавання нарматыўных актаў з зацікаўленай грамадскасцю".

Па перакананні праваабаронцы, сюды ўключаецца і іх адкрытасць на стадыі распрацоўкі.


Небяспека паліятыву

Альтэрнатыўная грамадзянская служба - гэта досыць далікатнае пытанне ў плане заканадаўчага рэгулявання. З аднаго боку, нельга, каб ўмовы яе праходжання былі зусім ужо курортнымі. Бо тады ў казармы сапраўды нікога не загоніш.
Але з іншага боку, нельга і ператвараць гэтую службу ў пакаранне за адмову ісці ў войска. Яе тэрміны не павінны значна перавышаць тэрмінаў звычайнай службы, а ўмовы яе праходжання не павінны ствараць празмерных праблем або абмяжоўваць "альтэрнатыўшчыкаў" у правах без неабходнасці.

Але ёсць асцярогі, што менавіта па другім шляху і пойдзе беларускі заканадаўца. Паводле слоў Міхаіла Пашкевіча, працоўная група схілялася да расійскага досведу, які эксперты лічаць вельмі няўдалым: "Гэта значыць - тэрмін службы істотна даўжэй, мінімальная зарплата, паражэнне ў сацыяльных правах".

Пашкевіч лічыць, што менавіта такімі дэталямі можна сапсаваць нават добрую ідэю. Таксама верагодная дадатковая дыскрымінацыя асоб, якія абралі АГС: ці могуць абмежаваць права перамяшчэння, пазбавіць магчымасці паралельна навучацца завочна.
Грамадскі актывіст так бачыць мэту абмеркавання і магчымага прыняцця гэтага закона: "Зараз гэта дазволіць, роўным лікам нічога не зрабіўшы, на нейкіх сустрэчах з еўрапарламентарамі казаць, што мы набліжаемся да дэмакратычных стандартаў".

Такім чынам, падобна, і тут беларуская ўлада дзейнічае ў тым жа стылі, што і ў выпадку з рэформай выбарчай сістэмы, размовамі аб увядзенні інстытута амбудсмэна. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства