viasna on patreon

Начальніка інтэрнатаў “Магілёўаблсельбуда” патрабуюць прыцягнуць да адказнасці за незаконнае выкарыстанне працы рабочых

2013 2013-01-11T13:15:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ramontnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Павел Шышоў у працоўны час незаконна выкарыстоўваў працу рабочых для рамонту ўласнай кватэры, што знаходзіцца ў доме №24 па праспекце Шмідта ў Магілёве.   

Спроба ўзбудзіць крымінальную справу праз міліцыю, пасля пісьмовай заявы былога рабочага “Магілёўаблсельбуда” Мікалая Собалева, не дала ніякіх вынікаў. Каб зварухнуць справу з мёртвай кропкі, мужчына накіраваў скаргу на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў Генеральную пракуратуру.

“Я абскарджваю таксама несапраўдныя звесткі, якія былі ў адказе з Ленінскага РАУСа. Там пазначана, што ў дачыненні да Паўла Пятровіча Шышова праведзена праверка і факты не пацвердзіліся. Я ж пазначаў у сваёй заяве чалавека, якога завуць Павел Паўлавіч Шышоў. Старэйшы оперупаўнаважаны Шабусаў таксама адзначыў, што праверка адбылася па кватэры па адрасе Шмідта 24-79, хаця Шышоў пражывае ў кватэры №48. Таму, лічу, што сапраўдная праверка, па пазначаных у маёй скарзе фактах, у дачыненні да канкрэтнага чалавека, які пражывае ў пазначанай мной кватэры, не праводзілася”, - гаворыць Мікалай Собалеў.

Па яго словах, у міліцэйскай пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы таксама няма звестак аб тым, ці дапытваліся іншыя сведкі. “Акрамя таго, у пастанове з’явіўся дзіўны запіс – Магілёўскі аблвыканкам прадпісаў шэрагу арганізацый Магілёва аказаць спонсарскую дапамогу Магілёўскай абласной бальніцы ў мэтах аказання медыцынскай дапамогі Шышову. Лічу, што такія дзеянні аблвыканкама незаконныя і прымушаць выдаваць такія сродкі на лячэнне нельга”, - кажа Мікалай Собалеў.

З Паўлам Шышовым судзіцца і актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Мікалай Залозны, які працаваў у “Магілёўабсельбудзе” сантэхнікам. Ён хоча аднавіцца на працу, з якой яго звольніў Шышоў, дазнаўшыся пра ягоныя апазіцыйныя погляды.

“Падчас выбараў пачаўся пераслед мяне. Павел Шышоў запатрабаваў ад мяне напісаць тлумачальную пра тое, у якую апазіцыйную партыю я ўваходжу і чаму без ягонага дазволу я ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы кандыдата ад БСДП Леаніда Падбярэцкага. Мяне таксама звінавацілі ў зрыве подпісаў за праўладнага кандыдата Эдуарда Сянкевіча, калі іх збіралі ў інтэрнаце асобы, якія не з’яўляюцца сябрамі ягонай ініцыятыўнай групы”, - распавядае Мікалай Залозны.

Актывіст БСДП кажа, што адразу пасля гэтага яго пачалі дэпрэміраваць, знялі ўсе надбаўкі да заробку, амаль штодзённа пачалі пісаць на яго дакладныя запіскі, перавялі на іншы аб’ект і ў выніку прапанавалі перазаключыць з ім кантракт на новых умовах, якія былі значна горшыя за ранейшыя. Мікалай Залозны адмовіўся ад такой прапановы. Ужо пасля звальнення ён выклаў вядомыя яму факты карупцыі і злоўжывання сваім службовым становішчам з боку Паўла Шышова і напісаў адпаведную заяву ў міліцыю.

На дадзены момант ідзе перапіска і актывіст не выключае, што крымінальная справа будзе ўзбуджана, бо ягоныя паказанні дадаюць паказанні Мікалая Собалева. Акрамя таго, паказанні ў дачыненні да Паўла Шышова гатовы даць іншыя былыя рабочыя “Магілёўаблсельбуда”.

Варта дадаць, што Павел Шышоў адстаўны палкоўнік міліцыі. Падчас мінулых парламенцкіх выбараў ён даваў вуснае распараджэнне загадчыкам інтэрнатаў не пускаць у падуладныя яму інтэрнаты зборшчыкаў подпісаў за дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты.    

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства