viasna on patreon

Беларускія назіральнікі падвялі вынікі назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Чэхіі

2013 2013-01-14T09:34:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/prajekt_naziranne_za_vybarami_teoryja_i_praktyka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Група кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў, акрэдытаваная ад недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch, падвяла папярэднія вынікі назірання за выбарамі прэзідэнта Чэшскай рэспублікі 11-12 студзеня 2013 года. Назіральнікі, якія наведалі 182 выбарчыя ўчасткі ў розных рэгіёнах краіны, адзначылі высокі ўзровень арганізацыі выбараў і звярнулі ўвагу на празрыстую і эфектыўную сістэму падліку галасоў.

Місія адзначае высокі ўзровень арганізацыі працэдур галасавання, прафесіяналізм і падрыхтаванасць чальцоў выбарчых камісій. Беларускія назіральнікі сустракалі ў асноўным прыязнае стаўленне да сябе з боку чальцоў камісій. Нягледзячы на ​​нявызначанасць статусу назіральніка ў чэшскім заканадаўстве, практычна ўсе прадстаўнікі праекту атрымалі доступ да выбарчых ўчасткаў і неабходную інфармацыю, запатрабаваную імі.

Варта згадаць таксама высокую культуру чэшскіх выбаршчыкаў, якія ў большасці выпадкаў выконвалі ўсе нормы выбарчага права. Выконвалася патрабаванне ідэнтыфікацыі кожнага выбаршчыка: да галасавання дапускаліся толькі тыя з іх, хто меў неабходныя дакументы. Высокую ацэнку заслугоўвае працэдура галасавання з выкарыстаннем канвертаў. Гэтая сістэма, на думку беларускіх назіральнікаў, дазваляе найлепшым чынам забяспечыць таямніцу галасавання.

Падлік галасоў праходзіў хутка і эфектыўна, што сведчыць аб высокай ступені надзейнасці выбарчых працэдур. Хуткасць падліку галасоў аказалася параўнальнай з той, што можна сустрэць на выбарах у Беларусі. Аднак вынікі падліку не выклікалі ніякіх сумневаў.

Місія па назіранні адзначае таксама шэраг недахопаў, якія, аднак, не паўплывалі на вынікі выбараў. На розных участках выбарчыя скрыні апячатваліся па-рознаму. На некаторых участках на скрынях прысутнічалі замкі, на іншых іх не было. Часам скрыні толькі апячатваліся, пры гэтым подпісы чальцоў камісій на скрынях адсутнічалі. У некаторых выпадках на участках меліся неапячатаныя скрыні, якія, па словах членаў выбарчых камісій, не выкарыстоўваліся, аднак маглі быць задзейнічаныя пазней. Місія мяркуе, што працэдура апячатвання скрыняў для галасавання мусіць быць дэталізаваная ў заканадаўстве.

У некаторых выпадках ўчасткі аказваліся перапоўненымі выбаршчыкамі, што цягнула за сабой з’яўлення чэргаў ўнутры ўчастка і па-за ім. Былі адзначаныя выпадкі адкрытага галасавання: выбаршчыкі пакавалі бюлетэні ў канверты для галасавання па-за кабінак, што супярэчыць патрабаванням заканадаўства. Члены камісій часцей за ўсё не перашкаджалі падобным дзеянням.

Толькі зрэдку выбарчыя ўчасткі былі абсталяваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія ўчасткі былі размешчаныя не на першым паверсе будынкаў, што ўскладняла доступ да іх асобаў сталага веку.

Больш дэталёвую справаздачу па выніках выбараў прэзідэнта Чэшскай рэспублікі місія падрыхтуе цягам двух месяцаў.

Місія па назіранні за выбарамі складалася з 35 чалавек - прадстаўнікоў беларускіх недзяржаўных арганізацый, студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Місія была арганізаваная ў межах праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" арганізацыяй Belarus Watch у партнёрстве з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і Домам правоў чалавека ў Вільні. У папярэднія гады ўдзельнікі праекта назіралі за выбарамі ў Беларусі, а таксама ў іншых краінах Еўропы.

Болей аб праекце можна даведацца па www.eotp.info.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства