viasna on patreon

Свабода прэзэнтуе кнігу «Справа Бяляцкага» (+відэа)

2013 2013-01-17T09:30:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Справа Бяляцкага» — так называецца кніга, якая нядаўна выйшла ў сэрыі Бібліятэка Свабоды. Гэта раман-рэпартаж нашага калегі Валера Каліноўскага пра чалавека, якога адныя параўноўваюць з Вацлавам Гаўлам, другія мяркуюць, што ён павінен сядзець у турме, а трэція ня бачаць між гэтымі думкамі супярэчнасьці.

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі пра новае выданьне дзеліцца палітычны і грамадзкі дзеяч і сябра героя кнігі Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка: «Шкада, што нагоду для стварэньня кнігі пра Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго»

​​«Шкада, што нагоду для стварэньня кнігі пра Алеся Бяляцкага далі рэпрэсіі супраць яго, тое, што ён стаў палітычным вязьнем. Таму што гэты чалавек заслугоўвае на кнігу як постаць, якая ўжо ўвайшла ў гісторыю тварэньня незалежнай Беларусі, беларускай сьведамасьці, беларускай культуры. На шчасьце, у кнізе таксама прасочваецца, адлюстроўваецца той папярэдні пэрыяд ягонага жыцьця, які яго і зрабіў цяперашнім Алесем Бяляцкім — постацьцю ў першых шэрагах беларусаў, якія змагаюцца за Беларусь, за беларушчыну і за свабоду».

Новая кніга Бібліятэкі Свабоды «Справа Бяляцкага», якую напісаў наш калега Валер Каліноўскі будзе прэзэнтавацца 17 студзеня.

Юры Чавусаў: «Сутнасьць кнігі — у падрабязным аналізе перасьледу Бяляцкага»

​​«Самае першае ўражаньне, якое ёсьць ад кніжкі, — гэта наяўнасьць вялікай колькасьці ілюстрацыяў, якія ахопліваюць самыя розныя аспэкты гэтай справы. Гэта і сама постаць Бяляцкага, і гісторыя ягонай грамадзка-палітычнай дзейнасьці, і сям’я. Але ж, канечне, сутнасьць гэтай кнігі — у падрабязным аналізе той палітычнай справы, палітычна матываванага крымінальнага перасьледу, які адбыўся ў 2011 годзе. Тое, што частка матэрыялаў публікавалася на сайце Радыё Свабода, дазволіла зрабіць гэтае выданьне амаль усёахопным у дачыненьні да ўсёй гэтай справы. Былі самыя розныя камэнтары пра яе і з боку саміх „вясноўцаў“, і з боку іншых назіральнікаў за працэсам — яны ствараюць агульную панараму гэтай палітычна матываванай крымінальнай справы».

Кнігу «Справа Бяляцкага» прачытаў за кратамі і галоўны яе герой. Пра свае ўражаньні ад прачытанага Алесь Бяляцкі напісаў сваёй калезе праваабаронцы Тацяне Равяцы.

Тацяна Равяка: «Аўтар здолеў паказаць усю тонкасьць і шырыню ахопу як асобы Бяляцкага, так і ягонай крымінальнай справы»

«Яшчэ ў сьнежні Алесь Бяляцкі, знаходзячыся ў Бабруйску ў калёніі, атрымаў кнігу „Справа Бяляцкага“. І ён, канечне, вельмі ўсьцешаны быў, што гэтую кніжку яму прапусьцілі, бо ня ўсе выданьні да яго даходзяць. І вось Алесь піша мне:

​​„Зрабіў Валера ўсё грунтоўна і скрупулёзна. Ёсьць невялікія „блошкі“, якія я паправіў бы, але агульнае ўражаньне вельмі добрае. Ён зрабіў вялікую працу, а ўлічваючы, што там багата напісана асабістага пра бацькоў, сяброў, то чытаць гэта мне вельмі хвалююча“.

​​Што датычыць майго ўражаньня, то я хацела б таксама падзяліцца ім. Мяне вельмі ўразіла і парадавала вось гэтая ўніклівасьць журналісцкая, якую праявіў у падрыхтоўцы гэтай кнігі Валер Каліноўскі. Для яго не было няважных рэчаў. Для яго кожны напісаны сказ быў вельмі важны, і ён вельмі імкнуўся да таго, каб ён быў яшчэ і дакладным, каб ён адпавядаў рэчаіснасьці, адпавядаў таму, што на самой справе адбывалася з Алесем ня толькі падчас крымінальнай справы, але і да таго — і падчас ягонай працы ў музэі, і ў далейшай праваабарончай, грамадзкай дзейнасьці. Атрымаўся яшчэ і партрэт асобы, якая ў гэтай справе апынулася. Гэта вельмі важна, таму што палітычныя справы не ўзьнікаюць на голым месцы. І, канечне, вельмі добра, што аўтар кнігі змог паказаць усю тонкасьць і такую шырыню ахопу як асобы Алеся, так і ягонай справы».

 Кнігу «Справа Бяляцкага» з аўтографам аўтара можна будзе атрымаць 17 студзеня ў кнігарні «Логвінаў» (пр.Незалежнасьці, 37а) ад 18-й да 20-й гадзіны.

​​

 

Свабода прэзэнтуе кнігу «Справа Бяляцкага» (+відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства