Суд па скарзе Таццяны Новікавай на забарону ўезду ў Літву адкладзены да 25 лютага
Суд па скарзе каардынатара Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяны
Новікавай на трохмесячную забарону ўезду ў Літву адкладзены да 25 лютага.
Прычына пераносу — акруговы суд Вільнюса не атрымаў доступ да засакрэчаных МЗС
Літвы матэрыялаў, на падставе якіх дэпартаментам міграцыі была накладзена гэтая
забарона. Суд абавязаў знешнепалітычнае ведамства падаць гэтыя матэрыялы.
Пасяджэнне суда прайшло 16 студзеня. Рашэнне пра забарону ўезду было прынята
перад леташнім рэферэндумам па пытанні будаўніцтва АЭС у Літве паводле просьбы
Міністэрства замежных спраў. Тады Новікава з калегам Мікалаем Уласевічам ехала
ў краіну паводле запрашэння арганізатараў канферэнцыі ў сейме "Літва —
Беларусь: ядзернае суседства", дзе павінна была выступіць з дакладам пра
беларускую АЭС. Новікава і Уласевіч выступаюць супраць будаўніцтва АЭС у
Беларусі, а таксама ў Літве і Калініградскай вобласці РФ.
У судзе прысутнічалі прадстаўнікі адказчыка (дэпартамента міграцыі Літвы),
трэцяга боку (МЗС Літвы), падавец скаргі Таццяна Новікава і яе адвакат Відас
Вілкас з адвакацкай канторы "Баранаўскас і Вальчукас Hansa Law
Offices".
На пытанне суда пра падставы забароны на ўезд Новікавай прадстаўнік МЗС Літвы
адмовіўся іх назваць, спасылаючыся на адсутнасць права доступу суддзі да
матэрыялаў, якія ўяўляюць дзяржаўную тайну. Аднак суддзя са спасылкай на
заканадаўства абавязала МЗС падаць пісьмовыя доказы, якія абгрунтоўваюць гэтую
забарону, на працягу месяца.
Адвакат Вілкас заявіў: "Гэты судовы разгляд стане своеасаблівым
выпрабаваннем літоўскай судовай сістэмы — яшчэ не было такога судовага
прэцэдэнту, калі выключна ўсе звесткі, неабходныя для вынясення судом
справядлівага рашэння, знаходзяцца пад грыфам "сакрэтна" і з гэтай
прычыны не могуць быць доказам у судовай справе".
Новікава лічыць, што справядлівасць павінна быць адноўлена, і дамагаецца адмены
рашэння дэпартамента міграцыі. "Гэтае рашэнне беспадстаўнае і ганіць маю
рэпутацыю, бо там гаворка ідзе пра даволі сур`ёзныя рэчы, пра тое, што я нібыта
ўяўляю пагрозу міжнародным адносінам, грамадскаму парадку і нацыянальнай
бяспецы Літвы. У той жа час, МЗС сёння яшчэ раз паказала, што яго абвінавачанні
не маюць доказаў. Менавіта таму пасяджэнне было закрытым, а доказы не былі
пададзены суду", — заявіла БелаПАН Новікава. Актывістка ўпэўнена, што
забарона звязана выключна з рэферэндумам па будаўніцтве АЭС у Літве і
дэманструе адсутнасць аргументаў у прыхільнікаў атамнай энергетыкі ў эшалонах
улады.