viasna on patreon

“Зноў ад нас хочуць схаваць праўду”

2007 2007-03-01T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выконваючы даручэньне кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў даслаў ліст за нумарам 11/810-234-ДСП ад 22 лютага 2007 года ў органы дзяржаўнага кіраваньня. Дакумэнт утрымлівае тлумачэньні, як чыноўнікі павінны супрацоўнічаць з журналістамі пры асьвятленьні эканамічных тэмаў.

Як паведаміла Радыё Свабода, у лісьце віцэ-прэм’ер Кабякоў просіць забясьпечыць кантроль за выступамі чыноўнікаў у СМІ (у тым ліку недзяржаўных). Калі выявіцца неаб’ектыўнае асьвятленьне эканамічных працэсаў, чыноўнікі будуць дысцыплінарна пакараныя — ажно да звальненьня.

Другі пункт ліста патрабуе забясьпечыць сталы маніторынг публікацыяў на эканамічныя тэмы. Калі выявяцца неаб’ектыўныя зьвесткі, чыноўнікі павінны паведамляць пра гэта ў Міністэрства інфармацыі і прымаць меры па давядзеньні да грамадскасьці аб’ектыўнай інфармацыі, у тым ліку шляхам публікацыі афіцыйных заяў і абвержаньняў.

Афіцыйны ліст беларускага ўраду каментуе юрыст Валянцін Стэфановіч: “Гэты дакумент можна расцаніць як чарговую праяву цэнзуры ў краіне. Грамадства мае права на атрыманьне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, у тым ліку і пра эканамічную сітуацыю ў краіне. Гэты дакумент скіраваны на недапушчэньне з’яўленьня крытычных меркаваньняў, якія тычацца эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Цяпер кожны кіраўнік ведамства будзе сам вызначаць “карэктнасьць” тых або іншых выказваньняў сваіх падначаленых адносна эканамічных працэсаў і палітыкі ўраду. Такім чынам, гэта можа прывесці да таго, што журналісты не змогуць адкрыта атрымліваць аб’ектыўную і асабліва – крытычную – інфармацыю. У чарговы раз грамадству прапануецца загадзя ўзгодненая, выключна станоўчая інфармацыя пра стабільнае разьвіццё нашай эканомікі. Зноў ад нас хочуць схаваць праўду”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства