25 сакавіка ў Менску адбудзецца аднадзённы папераджальны страйк прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь.
Прадпрымальнікі не згодныя з пагаршэньнем умоў іх дзейнасці, будуць выступаць за адмену апошніх указаў і дэкрэтаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прывядуць да ліквідацыі дробнага бізнэсу ў Беларусі і далейшага збядненьня грамадзянаў. Нагадаем, што найбольш адыёзна выглядае прэзідэнцкі Указ №760, які забараняе індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць наёмную працу за выключэньнем членаў сям’і, а таксама значна абмяжоўвае гандаль такімі групамі тавараў як парфума і касметыка, вырабы з футра ды іншымі.
Прадпрымальнікі Менска, Менскай вобласці, а таксама прадстаўнікі рэгіёнаў разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі плануюць узяць удзел у акцыі 25 сакавіка а 12 гадзіне на плошчы Каліноўскага ў Менску са сваімі патрабаваннямі.
Адметнай рысай страйку і акцыі ў цэлым, паведамляе Хартыя’97, з’яўляецца тое, што 25сакавіка шматлікія прадпрымальнікі выступяць не толькі з патрабаваньнямі, звязанымі з іх прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Плануецца надаць увагу пытаньням парушэньня правоў грамадзян на свободу слова і сходаў,
на аб’яднаньне ў прафесійныя саюзы і грамадскія арганізацыі. Акрамя таго, прадпрымальнікі выкажуць сваю нязгоду з неабгрунтаваным ростам камунальных плацяжоў і збядненьнем насельніцтва.
Адно з асноўных палітычных патрабаваньняў прадпрымальнікаў – гэта вызваленьне палітвязняў і спыненьне ў Беларусі пераследу грамадзянаў па палітычных матывах.