viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Снежань 2012 году

2013 2013-01-10T12:08:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У снежні знешепалітычны фактар па-ранейшаму аказваў вырашальны ўплыў на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Агульны застой у стасунках паміж беларускімі ўладамі і еўрапейскімі дэмакратыямі абумовіў стабільна кепскую, але без значных пагаршэнняў сітуацыю з выкананнем правоў чалавека і асноўных свабод.

У месцах пазбаўлення волі заставаліся 12 палітвязняў, і пытанне аб іх вызваленні нязменна артыкулявалася як асноўная ўмова Еўрапейскага Саюзу і ЗША для аднаўлення дыялогу з беларускім афіцыйным бокам.

5 снежня падчас сустрэчы з беларускімі праваабаронцамі ў Брусэлі еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства ЕС Штэфан Фюле ў чарговы раз пацвердзіў, што вызваленне палітвязняў з’яўляецца перадумовай пачатку дыялогу Еўрапейскага Саюзу з афіцыйным Мінскам.

У заяве Дзярждэпартаменту ЗША ад 19 снежня ўтрымлівалася патрабаванне безадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў, а таксама нагадвалася пра сумесную заяву Беларусі і ЗША ад 1 снежня 2010 года, у якой было пацверджана, што "вялікае павага да дэмакратыі і правоў чалавека застаецца цэнтральнай тэмай у пытанні паляпшэння двухбаковых адносінаў". "Мы шкадуем, што замест гэтага кіраўніцтва Беларусі ўстала на шлях самаізаляцыі, пачаўшы рэпрэсіі супраць уласнага народа", - падкрэслівалася ў дакуменце.

 

У той жа час афіцыйны Мінск па-ранейшаму спрабаваў навязваць сваю канцэпцыю прагматычнага дыялогу з вынясеннем за дужкі палітычных патрабаванняў Еўрасаюзу. У снежні адбылося некалькі заўважных перамоваў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з прадстаўнікамі краін Еўрасаюзу і структур ЕС.

17 снежня прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што падчас сустрэчы дырэктара дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунара Віганда з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем «бакі абмеркавалі комплекс пытанняў, што тычацца наяўнага стану адносінаў паміж Беларуссю і ЕС і шляхоў іх нармалізацыі». Сп. Віганд падчас візіту ў Беларусь меў таксама сустрэчы з роднымі палітзняволеных і праваабаронцамі, дзе было засведчана, што тэма палітзняволеных не знята з парадку дня Еўрасаюза і нязменна з’яўляецца асноўнай у размове з афіцыйнымі беларускімі ўладамі.

У гэты ж дзень Уладзімір Макей правёў тэлефонную размову з кіраўніком МЗС Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам з нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Чэхіяй. Паводле звестак прэс-службы беларускага МЗС, міністры абмяркоўвалі тэматыку стасункаў Беларусі з Еўрапейскім Саюзам і шляхі іх нармалізацыі, а таксама "дасягнутыя вынікі і перспектывы далейшага развіцця беларуска-чэшскага ўзаемадзеяння". У той жа час прэс-служба МЗС Чэхіі выдала больш разгорнутае паведамленне: "Міністры прыйшлі да згоды з нагоды важнасці ўзаемных зносін і выказалі цікавасць да іх пашырэння не толькі на двухбаковым узроўні, але і на ўзроўні Еўрасаюза. Міністр Шварцэнберг зноў паўтарыў тое, што Чэхія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў рамках Усходняга партнёрства. Нездавальняючая сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку пытанне палітвязняў, таксама абмяркоўвалася ".

Празь некалькі дзён Уладзімір Макей па чарзе правёў сустрэчы з амбасадарамі Фінляндыі, Эстоніі і Вялікабрытаніі. Нягледзячы на тое, што прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства паведамляла толькі пра тое, што абмяркоўваліся пытанні наладжвання супрацоўніцтва, эканамічнага і гандлёвага ўзаемадзеяння, развіцця кантактаў як двухбаковых, так і ў межах Еўрапейскага Саюза, можна меркаваць, што пытанне вызвалення палітвязняў таксама з’яўлялася тэмай для абмеркавання як перадумова наладжвання адносінаў ва ўсіх сферах супрацоўніцтва. 

Дадзеныя сустрэчы даюць падставу меркаваць, што паміж афіцыйным Мінскам і Бруселем вядуцца перамовы, якія маглі б прывесці да вызваленьня палітвязняў у абмен на нейкія захады насустрач Беларусі з боку ЕС, аднак да канца снежня не з’явілася заўважных вынікаў дадзеных перамоваў, а таксама прыкметаў таго, што беларускія ўлады гатовы ісці на саступкі Еўрапейскаму Саюзу.

 

Стабільна кепскай заставалася сітуацыя з выкананнем грамадзянскіх і палітычных правоў. Фіксаваліся выпадкі адвольных затрыманняў і вынясення палітычна матываваных адміністрацыйных пакаранняў у адносінах да актывістаў грамадскіх і палітычных арганізацыяў і рухаў. Фактычна немагчыма было скарыстацца правам на правядзенне мірных сходаў, на якіх меркавалася выказванне альтэрнатыўных меркаванняў і прыцягненне ўвагі да сітуацыі з правамі чалавека ў краіне – ніводная з пададзеных па ўсёй краіне заявак на правядзенне публічных мерапрыемстваў да Міжнароднага дня правоў чалавека і гадавіны падзеяў 19 снежня 2010 года не была задаволена. Працягвалася практыка ціску на журналістаў, праваабаронцаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю, уціск незалежных медыяў і арганізацый.

 

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

3 снежня стала вядома, што лісты палітвязня Дзмітрыя Дашкевіча паляць у Гарадзенскай турме. З ліста Таццяне Севярынец: "Яшчэ раз  гатовы вітаць вас. Яшчэ раз, бо перад гэтым мой ліст да вас быў спалены. Кажуць, што дужа халодна было ў турме, а , згодна з дэкрэтам аб энэргаэканоміі, сагравацца павінны ўсе падручнымі сродкамі. Вось тут лісты мае і пайшлі ў ход". 26 снежня ў Гродна Дзмітрый Дашкевіч ажаніўся з Настай Палажанкай, якая ўзяла прозвішча мужа. Пасля роспісу ім дазволілі пабыць разам 5 хвілін. Шлюб даў ім права на спатканне — першае за два гады. Ва ўмовах гарадзенскай турмы строгага рэжыму гэта — 2 гадзіны праз шкло, і тое не адразу. Дзмітрый і Наста спрабавалі некалькі разоў дагэтуль падаць заяву і распісацца, а ў іх не атрымоўвалася — ці Змітра пераводзілі, ці адмянялі, ці яшчэ нейкія прычыны знаходзілі. Больш чым год ім замінала фармальнасць — Зміцеру так і не вярнулі пасля суда пашпарт. Родныя разам з адвакатам больш за паўгода пісалі скаргі ў розныя структуры з просьбаю вярнуць пашпарт. Нарэшце Генпракуратура адказала, што „дакладнае месцазнаходжанне пашпарта ўказаць альбо пацьвердзіць не ўдалося“. З гэтай паперай быў зроблены зварот у калонію з просьбай аднавіць зняволенаму пашпарт. Калі пашпарт быў адноўлены, былі доўгія затрымкі, зрывы і пераносы, пакуль нарэшце Палажанцы не паведамілі ў ЗАГСе дату: 19 снежня, потым дата шлюбу была перанесеная на 26 снежня. У ЗАГС Дзмітрый Дашкевіч быў дастаўлены пад канвоем.

3 снежня баранавіцкі грамадскі актывіст Рыгор Грык спрабаваў перадаць у баранавіцкі следчы ізалятар № 6, дзе ўтрымліваецца палітвязень Васіль Парфянкоў, каля 40 кніг беларускіх і замежных аўтараў. Намеснік начальніка СІЗА маёр Аляксандр Пупко адмовіўся паклікаць бібліятэкара для праверкі, ацэнкі і перадачы на захаванне прынесенай літаратуры. Параіўшыся з кіраўніцтвам турмы, Аляксандр Пупко заявіў Рыгору Грыку, што “нашай установе кнігі не патрэбныя”. 13 снежня ў арыштным доме СІЗА №6 адбылося паседжанне Камісіі па прадстаўленні матэрыялаў па ўмоўна-датэрміновым вызваленні, якая прыняла рашэнне адмовіць Васілю Парфянкову ва УДВ на падставе таго, што ён “не стаў на шлях выпраўлення”. Вядома, што палітвязень атрымліваў спагнанні за нязначныя парушэнні. 26 снежня ад імя В. Парфянкова пададзена хадайніцтва пра змену рашэння, прынятага Камісіяй.  

 

4 снежня адбылося выязное паседжанне Шклоўскага суду па справе палітзняволенага Мікалая Дзядка. Суд пастанавіў накіраваць палітвязня ў крытую турму. Пра гэта паведаміў бацька Мікалая Аляксандар Дзядок са спасылкай на адкавата, які прысутнічаў на судовым паседжанні. Бацька палітвязня Аляксандар Дзядок, былы суддзя Мінскага абласнога суду, адзначыў, што ў ягонага сына ўжо 22 спагнанні за розныя парушэнні дысцыпліны, і адмысловая камісія ў калоніі выказалася за накіраванне Мікалая Дзядка ў турму. 10 снежня стала вядома, што Мікалай Дзядок знаходзіцца ў крытай турме № 4 горада Магілёва. Калі Мікалай быў этапаваны са Шклоўскай калоніі ў Магілёўскую турму і як доўга ён там знаходзіцца, бацька палітвязня Аляксандр Дзядок даведацца не змог. 

 

6 снежня сваякі арыштаванага па абвінавачанні ў «здрадзе Радзіме» Андрэя Гайдукова атрымалі ад яго першы ліст. У лісце, напісаным яшчэ 29 лістапада, ён просіць, каб родныя знайшлі іншага адваката. А. Гайдукоў адзначае, што фальсіфікацыі супраць яго могуць дайсці да абсурду. Арыштаваны 8 лістапада ў Віцебску аператар наваполацкага "Нафтану" пад вартай знаходзіўся спачатку ў мінскім СІЗА КДБ, затым быў пераведзены ў віцебскі СІЗА №2, а 22 снежня зноў быў вернуты ў следчы ізалятар КДБ па невядомай прычыне. Пра гэты перавод даведалася адвакат А. Гайдукова, калі 27 снежня прыйшла на сустрэчу з падабаронным. 27 снежня стала вядома, што па справе аб здрадзе Радзіме з’явіўся яшчэ адзін падазраваны -- наваполацкі актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Ілля Багданаў, у якога раней быў статус сведкі. У гэты дзень ён пабываў на допыце ў Віцебскай абласной управе КДБ, дзе яго дапытваў следчы Алег Барысевіч, які вядзе справу Андрэя Гайдукова. Допыт працягваўся больш за 4 гадзіны, і І.Багданава папярэдзілі, што наступны адбудзецца 9 студзеня 2013 года, а таксама будуць вочныя стаўкі з Андрэем Гайдуковым у сувязі з разыходжаннямі іх паказанняў.

 

8 снежня Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным з турмы (гэта — дзевяты званок за год). Жонка палітвязня Марына Адамовіч распавяла, што настрой у палітвязня добры, голас бадзёры, ён шмат чытае, займаецца спортам. М. Статкевіч паведаміў, што не выключана, што да канца года адбудзецца паседжанне турэмнай камісіі, якая можа перагледзець ягоны рэжым утрымання. 14 снежня вязня ў магілёўскай турме наведаў адвакат. 16 снежня з’явілася інфармацыя пра ўганараванне Мікаля Статкевіча міжнароднай прэміяй імя Віллі Брандта. Прэмія заснавана Сацыял-дэмакратычнай партыяй Германіі за ўнёсак у справу ўзаемапаразумення і міру паміж народамі. Яна складаецца з двух частак. Галоўную атрымае нарвежскі прэм’ер-міністр Столтэнберг, Мікалай Статкевіч уганараваны прэміяй «За асабістую палітычную мужнасць». 29 снежня адміністрацыя турмы дазволіла М. Статкевічу двухгадзіннае спатканне з жонкай. Гэта стала магчымым у сувязі з рашэннем Назіральнага савету пенітэнцыярнай установы аб змякчэнні рэжыму ўтрымання палітыка, што яму дало права на другое за год спатканне з сям’ёй.

8 снежня выйшаў з карцару пасля адбыцця 10-суткавага пакарання палітвязень Яўген Васьковіч. Прычыну вынясення спагнання адміністрацыя магілёўскай турмы №4 паведаміць родным адмовілася.

 

19 снежня стала вядома, што ў ходзе 64 сесіі Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях (WGAD) вынесла рашэнне, у якім сцвярджаецца, што заключэнне Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) адвольнае і «супярэчыць артыкулу 20, параграф 1, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека [UDHR] і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (ICCPR)». WGAD падкрэсліла, што «выхадам з сітуацыі з'яўляецца вызваленне спадара Бяляцкага і прадастаўленне яму законнага права на кампенсацыю ў адпаведнасці з артыкулам 9, параграф 5, ICCPR». Рашэнне Рабочай групы ААН прынятае па выніках паведамлення, адпраўленага Абсерваторыяй па абароне правоў праваабаронцаў WGAD 2 красавіка 2012 года і аспрэчвае законнасць заключэння г-на Бяляцкага. У сваім рашэнні Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях падкрэсліла, што «як паказвае крыніца паведамлення, цэнтральным у гэтай справе з'яўляецца заява спадара Бяляцкага аб тым, што сродкі, атрыманыя на замежны банкаўскі рахунак, былі часткай сістэмы фінансавання няўрадавай арганізацыі "Вясна", якой урад адмовіў ў рэгістрацыі і якую ён спрабаваў знішчыць”. Як адзначыла Рабочая група, «крымінальная адказнасць не можа паходзіць з першаснага рашэння ўрада адмовіць НДА "Вясна" ў рэгістрацыі і спробы распусціць яе, што само ў сабе з'яўлялася парушэннем артыкула 20, параграфа 1, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах». Гэтую навіну першай змагла перадаць А. Бяляцкаму ягоная жонка Наталля Пінчук, якой 20 снежня было дазволена двухгадзіннае спатканне з палітвязнем у калоніі №2 г. Бабруйска. Н. Пінчук распавяла, што Алесь выглядае і трымаецца нармальна, на здароўе не скардзіцца. Да гэтага ў пачатку снежня жонка А. Бяляцкага перадала яму прадуктовую перадачу. 30 снежня сайт charter97.org абвясціў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2012 год, сярод якіх -- Алесь Бяляцкі. 

 

З 24 снежня на трое сутак было дазволена спатканне Паўлу Севярынцу з бацькамі ў спецкамендатуры №7 вёскі Куплін Пружанскага раёну, дзе адбывае пакаранне палітвязень. 30 снежня Паўлу Севярынцу споўнілася 36 гадоў, і з гэтай нагоды да яго прыехала больш за тры дзесяткі гасцей --  з Мінска,  Салігорска, Гродна, Валожына. У гэты час па віцебскім хатнім адрасе палітвязня прыйшла пасылка, падрыхтаваная польскай амбасадай.


24 снежня маці палітвязня Ігара Аліневіча Валянціна паведаміла, што, нягледзячы на холад, яе сыну забараняецца апранаць швэдар. Сын паведаміў ёй пра гэта ў лісце з турмы: « Лічыцца, што майкі, робы і целагрэйкі чалавеку ў холад дастаткова. У турмах, дарэчы, таксама нельга, але ў СІЗА КДБ у мяне было тры швэдры. Без іх я там бы здох 100%». Ігар Аліневіч адбывае зняволенне ў Наваполацкай калоніі.

 

24 снежня адміністрацыя Магілёўскай калоніі № 15 дазволіла доўгатэрміновае спатканне (адны суткі) палітзняволенаму Арцёму Пракапенку з бацькам, пры гэтым не дазволіўшы перадаць яму цёплыя рэчы і забраць з сабой частку прадуктаў харчавання. Маці вязня Віялета Пракапенка паведаміла, што ў сына пачаліся праблемы з зубамі, хаця да гэтага часу ўсё было нармальна, таксама зашчэмлены нерв у спіне, што выклікае вялікія болі.

 

26 снежня Таццяне Францкевіч, маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, патэлефанаваў хлопец, які адбываў пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі і нядаўна вызваліўся, і паведаміў, што Аляксандр быў змешчаны ў ШЫЗА на 10 сутак за адмову выконваць распараджэнне адміністрацыі Івацэвіцкай калоніі па прыборцы тэрыторыі (такая праца сярод зняволеных лічыцца зневажальнай). Тацяна Францкевіч выказала занепакоенасць станам здароўя сына, бо ў яго адна нырка, і знаходжанне ў ШЫЗА нанясе шкоду ягонаму фізічнаму стану. За 2012 год Аляксандра Францкевіча змяшчалі ў ШЫЗА тройчы. 30 снежня Таццяна Францкевіч разам з адвакатам наведала сына ў калоніі. Ёй стала вядома, што сыну адмоўлена ў кароткатэрміновым спатканіі з роднымі, запланаваным на сярэдзіну студзеня 2013 года, за знаходжанне палітвязня ў чужым атрадзе, што з’яўляецца парушэннем рэжыму адбыцця пакарання. Пасля ШЫЗА ў А. Францкевіча значна пагоршыўся стан здароўя. 

 

26 снежня фотажурналіст Антон Сурапін заявіў, што ўсё яшчэ знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, але не ведае, у якім статусе ён знаходзіцца. Фатограф быў вызвалены з ізалятара КДБ чатыры месяцы таму і пасля гэтага на допыты яго больш не выклікалі. Ён лічыць, што нейкая яснасць будзе пасля суда над памежнікам, які прапусціў шведскі «плюшавы дэсант». Хлопец працягвае вучыцца на 4 курсе журфака БДУ. Ніякіх праблем з навучаннем не мае, размоваў з адміністрацыяй пра зняволенне не было. Антон Сурапін першым выставіў здымкі плюшавых мядзведзікаў, якіх скідалі шведы з самалёта 4 ліпеня. За гэта яго арыштавалі і абвінавацілі па ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу..

 

27 снежня палітвязня-маладафронтаўца Эдуарда Лобава ў Івацэвіцкай калоніі наведаў святар, ксёндз Дзмітрый з Пінскай епархіі. Па словах маці палітзняволенага Марыны Лобавай, візіт святара планаваўся напярэдадні Калядаў, але з-за яго занятасці ў парафіі перад святам ён прыехаць не здолеў і час знайшоў пазней. Э. Лобаў спавядаўся і прыняў прычасце. Прысутнічаў пры сустрэчы зампаліт. Па словах Марыны Лобавай, ксёндз Дзмітрый зараз будзе замацаваны за гэтай калоніяй і зможа наведваць Эдуарда Лобава і іншых зняволеных каталіцкага веравызнання.

 

Смяротнае пакаранне

 

10 снежня адбылася традыцыйнае ўручэнне прэмій за выключныя дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека. Праваабаронцам 2012 года прызнана Любоў Кавалёва — маці расстралянага па справе выбуху ў метро Уладзіслава Кавалёва. Прэмію уручыў праваабаронца Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла. Ён адзначыў, што Любоў Кавалёва праявіла вялікую мужнасць, адданасць у змаганні з дзяржаўнай машынай, якая па-ранейшаму нецывілізавана распраўляецца са сваімі грамадзянамі. Псіхалягічны ціск на яе працягваецца, але яна не скараецца, і дзякуючы яе і іншых намаганням, па словах Гары Паганяйла, пытанне аб адмене смяротнага пакарання абавязкова будзе вырашана ў Беларусі. Любоў Кавалёва застаецца адным з самых актыўных сябраў кампаніі «Праваабаронцы за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі».


20 снежня кіраўнік камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка  паведаміў, што на паседжанні Савету Рэспублікі ў Нацыянальным сходзе створана група па вывучэнні праблемаў смяротнага пакарання. У склад групы ўвайшлі сем чалавек: пяць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і два з Савету Рэспублікі, узначаліў яе М. Самасейка. Ён адзначыў, што першае працоўнае паседжанне групы адбудзецца пасля Новага году: «Пытанне аб смяротным пакараньні з’яўляецца актуальным. Беларускі народ выказаўся па ім на рэферэндуме, але з часу рэферэндуму прайшло паўтары дзясяткі гадоў, і за гэты час сітуацыя змянілася. Наша група якраз і будзе займацца вывучэннем усіх праблем смяротнага пакарання, у тым ліку і стаўлення да іх насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

1 снежня лідар Руху за Свабоду Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што прадаставіць свой офіс для грамадскай прыёмнай Праваабарончага цэнтра «Вясна». У канцы лістапада кватэру, у якой працавалі супрацоўнікі арганізацыі, канфіскавалі згодна з прысудам, вынесеным кіраўніку арганізацыі Алесю Бяляцкаму. Памяшканне было аформленая на фізічную асобу па рашэнні Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна”, што дазволіла існаваць офісу ў гэтым памяшканні на працягу 12-ці гадоў (2000-2012 гг).

16 снежня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск-2 пры праходжанні пашпартнага кантролю быў затрыманы дырэктар праваабарончай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка. Ён вяртаўся з Варшавы дадому, калі  пры праходжанні пашпартнага кантролю супрацоўніца мытнай службы, стэлефанаваўшыся з кімсьці, забрала ягоны пашпарт з сабой. Праз 20 хвілін да Андрэя Бандарэнкі падышлі два старэйшых лейтэнанты мытнай службы Казаковіч Гардзей і Грышкевіч Арцём, якія паведамілі праваабаронцу, што ў дачыненні да яго неабходна правесці дадатковыя мерапрыемствы.Затым яны правялі дагляд ручной паклажы і асабістых рэчаў А. Бандарэнкі.  Дагляд праводзіўся асабіста начальнікам змены мытнага кантролю. Даведацца прозвішча дадзенага службовай асобы не ўдалося, бо ён катэгарычна адмовіўся прадставіцца, аднак Андрэй Бандарэнка паспеў прадыктаваць нумар бэйдж дадзенага супрацоўніка мытнага кантролю - № 05-0350. Як патлумачыў начальнік змены мытнага кантролю, у дачыненні да Андрэя Бандарэнкі праводзіўся выбарачны мытны кантроль. Пры правядзенні надгляду прысутнічалі панятыя і медык. Быў складзены пратакол асабістага дагляду, пасля чаго Андрэй Бандарэнка быў адпушчаны.

 

18 снежня праваабаронцы з Гродна – Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Уладзімір Хільмановіч апытаныя ў гарадскім аддзяленні міліцыі “Цэнтр”, а позна ўвечары 19 снежня ў тым жа аддзяленні міліцыі на ўсіх траіх былі складзены пратаколы пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным пікеце). Фармальнай падставай для ўзбуджэння гэтай справы стала размяшчэнне на сайце Праваабарончага цэнтру “Вясна” матэрыялу пра 10 снежня – Міжнародны Дзень правоў чалавека, калі гарадзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага.

 

24 снежня актывісты ўстановы «Платформа», якая займалася абаронай правоў вязняў і была закрытая ўладамі, заявілі пра пачатак дзейнасці ад імя новай праваабарончай установы «Платформ інавэйшн». Праваабаронца Андрэй Бандарэнка паведаміў, што новая ўстанова будзе па-ранейшаму займацца абаронай правоў, але цяпер не будзе абмяжоўвацца толькі абаронай правоў вязняў. "Платформ інавэйшэн" ужо атрымала рэгістрацыю. Яе офісы працуюць не толькі ў Мінску. Па словах А. Бандарэнкі, установа мае прадстаўнікоў уў Віцебску, Гомелі і Брэсце, да сярэдзіны наступнага года пастаўлена задача адкрыць прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных гарадах. Установа «Платформа» была зарэгістраваная ў чэрвені 2011 года, канчаткова закрытая ўвосень 2012 года. Да новай «Платформы», паводле яе заснавальнікаў, далучыўся вядомы палітык і грамадскі дзеяч Генадзь Грушавы.

 

Актывізацыя ціску спецслужбаў на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

 

18 снежня суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Юрчанкі пры поўнай згодзе пракурора Паляковай адмовіў у задавальненні скаргі актывіста аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Алега Аксёнава супраць УКДБ у сувязі з пастаноўкай яго на прафілактычны ўлік. Суддзя палічыў, што УКДБ дзейнічаў у межах закона і выконваў свае непасрэдныя функцыі ў межах сваёй кампетэнцыі. На працягу ўсяго судовага пасяджэння супрацоўнікі УКДБ, суддзя і пракурор пераконвалі Аксёнава, што пастаноўка яго на прафулік нічога для яго не азначае, бо ні ў якіх правах ён не абмежаваны і ніякія санкцыі да яго не прымяняюцца. І пры гэтым у судзе некалькі разоў зачытвалася ч.2 арт.28 Закона аб прафілактыцы, у якой, у прыватнасці, пазначана, што супрацоўнікамі КДБ «у дачыненні да грамадзян, якія стаяць на прафілактычным уліку, вывучаюцца ўмовы і лад іх жыцця, ажыццяўляецца кантроль за іх паводзінамі». Гэта значыць, у гэтым выпадку УКДБ атрымлівае магчымасць без санкцыі пракурора і суда сачыць за актывістам і ў святле апошняга пашырэння правоў КДБ, напрыклад, забараніць яму без усялякага папярэджання часова ці на ўвесь час выязджаць за мяжу. Алег Аксёнаў быў пастаўлены на прафулік у КДБ 22 кастрычніка 2012 года. Нагодай для гэтага стала нібыта ягоная дзейнасць ад імя незарэгістраванай палітычнай  аргнізацыі –партыі БХД і іншая актыўная палітычная і грамадская дзейнасць. У чым канкрэтна заключаецца злачыннасть гэтай дзейнасці і якія наступілі грамадска небяспечныя наступствы -- супрацоўнікі КДБ адказаць не змаглі. У Магілёве на прафуліку КДБ знаходзіцца таксама лідарка магілёўскага  арганізацыйнага камітэту па стварэнні Партыі БХД Таццяна Шамбалава і лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Салаўёў.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

4 снежня з адміністратыўнымі пратаколамі, складзенымі за ўдзел у акцыі 27 кастрычніка бягучага году па ўшанаванні памяці братоў Віктара і Кастуся Каліноўскіх у Свіслачы, міліцыянты азнаёмілі старшыню Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова і сябра рады гарадской структуры ПБНФ Ірыну Данілоўскую. Пратаколы складзеныя па арт. 23.34 КаАП – “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.  13 снежня Свіслацкі раённы суд асудзіў актывіста з Бярозаўкі Сяргея Трафімчыка па абвінавачанні ва ўдзеле у несанкцыяваным мерапрыемстве і пакаралі штрафам у памеры 8-мі базавых велічынь. Свіслацкі раённы суд вызначыў, што Сяргей Трафімчык наведваннем магілаў і помнікаў паўстанцаў парушыў дзеючае заканадаўства. 20 снежня ў Свіслачы мусілі адбыцца некалькі судовых паседжанняў. Сябра рады гарадской арганізацыі Партыі БНФ Ірына Данілоўская павінна была з’явіцца ў суд на 9-ю гадзіну раніцы, але даехаць на гэты час з Гародні да Свіслачы ў яе не было ніякай магчымасці. Суд адбыўся ў яе адсутнасцьі, згодна з рашэннем суддзі, І. Данілоўская аштрафаваная на 8 базавых велічыць. Актывіст “Маладога фронту” Алесь Кіркевіч, якога выклікалі на гэты ж дзень у Свіслацкі раённы суд праз тэлефон, туды таксама не паехаў. Ён патэлефанаваў у Свіслацкі суд, дзе яму сказалі, што судовы працэс адбыўся без яго ўдзелу. Вынік разгляду адміністрацыйнай справы – штраф у памеры 8 базавых велічынь. Старшыня Гарадзенскай рады ПБНФ Вадзім Саранчукоў таксама завочна аштрафаваны на 10 базавых велічынь. Найбольш абсурдна выглядае сітуацыя з яшчэ адным сябрам Гарадзенскай рады ПБНФ Валерам Кісялём. На яго таксама складзены пратакол паводле артыкулу “незаконны ўдзел у масавым мерапрыемстве”. Але Валер Кісель 27 кастрычніка ўвогуле не быў на фэсце ў Свіслачы, а знаходзіўся ў гэты дзень у Мінску. Да канца снежня інфармацыі пра далейшае развіццё сітуацыі з пратаколам не з'явілася. Невядомымі таксама засталіся вынікі разгляду пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння, складзенага на актывіста АГП Віктара Бабкіна. Такім чынам, пераслед удзельнікаў свіслацкага мерапрыемства набыў зацяжны характар. Яшчэ ў дзень правядзення мерапрыемства былі затрыманыя чатыры ўдзельнікі з розных гарадоў: Вітольд Ашурак з Бярозаўкі, Алесь Крот з Мінску, Станіслава Гусакова з Віцебску і Віталь Лопасаў з Гародні. Трое з іх былі пакараныя суткамі, а адзін штрафам. Амаль праз месяц пасля мерапрыемства былі асуджаныя да штрафаў актывісты з Свіслачы - Віктар Дзесяцік, Анатоль Валюк і Юры Глебік. Касацыйная інстанцыя – Гарадзенскі абласны суд – ва ўсіх выпадках абскарджання вынесеных судовых спагнанняў удзельнікам акцыі ў Свіслачы пацвярджаў законнасць і абгрунтаванасць рашэнняў Свіслацкага суда: 3 снежня па скарзе прадстаўніка АГП Віталя Лопасава (суддзя Пётр Бандык), 20 снежня – па скаргах трох свіслацкіх грамадскіх актывістаў – Віктара Дзесяціка (суддзя Пётр Бандык), Юрыя Глебіка (суддзя Мікалай Рачынскі) і Анатоля Валюка (суддзя А. Козел).

 

6 снежня ў пункце пропуска «Новая Гута» на беларуска-украінскай мяжы была затрымана машына актывісткі партыі «Справядлівы свет» са Жлобіна Ілоны Ткачовай, якая вярталася дамоў з адпачынку з Егіпту разам з мужам і 10-гадовым дзіцём. Быў праведзены поўны дагляд рэчаў усёй сям'і, канфіскавалі ноўтбук і фотаапарат. Памежнікі паказалі І. Ткачовай скан дакумента, у якім сказана правесці дагляд менавіта яе машыны. Уся працэдура працягвалася з абеду да 22 гадзін. На наступны дзень Ілона Ткачова напісала скаргу на імя начальніка пункта пропуску «Новая Гута» за незаконнае затрыманне яе сям’і на мяжы і канфіскацыю рэчаў.

 

8 снежня супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў памяшканне ў Мінску, дзе адбываўся паказ спектакля «Зона маўчання» ў выкананні Свабоднага тэатру. Спектакль толькі пачаўся, як зайшлі міліцыянты, спынілі паказ і пачалі перапісваць пашпартныя дадзеныя гледачоў, якіх сабралася каля 60 чалавек (пастаноўка адбываецца ў будынку на Тыражным праездзе, 22). Пасля гэтага міліцыя сышла, спектакль працягнуўся. За дзень да гэтага, 7 снежня, міліцыя таксама наведала пастаноўку Свабоднага тэатра, што існуе ў Беларусі ў паўпадпольным стане. Абышлося таксама перапісваннем пашпартных звестак гледачоў.

 

12 снежня лідэр моладзевага крыла «Zмена» кампаніі «Гавары праўду!» Павел Вінаградаў быў выкліканы ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Маскоўскага раёну, дзе ён знаходзіцца пад наглядам і абавязаны адзначацца. Аднак супрацоўнікі міліцыі адвезлі яго ў Першамайскі РАУС Мінска, дзе быў складзены акт аб адміністрацыйным правапарушэнні (арт. 23.34 КаАП ЗБ). Затым яго адвезлі ў суд, падчас якога з-за немагчымасці прысутнічаць на судзе адваката, з якім у Вінаградава было заключанае пагадненне, разгляд справы быў перанесены. 17 снежня суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў Паўла Вінаградава на 5 сутак адміністрацыйнага арышту (суддзя Юрый Грабоўскі) за правядзенне акцыі пратэсту цацак, якая прайшла 10-га снежня каля Нацыянальнай бібліятэкі. Агулам за 2012 год моладзевы актывіст правёў за кратамі 66 сутак адміністрацыйных арыштаў.

 

18 снежня скончыўся судовы працэс па адміністрацыйнай справе грамадска-палітычнага актывіста з мястэчка Варняны Мікалая Уласевіча. Астравецкі раённы суд на апошнім паседжанні прызнаў актывіста вінаватым і аштрафаваў яго на 40 базавых велічынь. Гэты адміністрацыйны працэс стаў рэкордным на Гарадзеншчыне па працягласці – спатрэбілася ажно 9 (!) паседжанняў. Прычынай таму тое, што Мікола Уласевіч сам, а пасля з дапамогай адваката змагаўся за свае правы да апошняга. Мікалая Уласевіча затрымалі ў апошнюю выбарчую кампанію за два дні да асноўнага дня галасавання, 21 верасня, і абвінавацілі ў распаўсюдзе незаконаннай агітацыйнай прадукцыі. Праз нейкі час абвінавачванне змянілі на нібыта “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”.

 

19 снежня, у другую гадавіну паслявыбарчай акцыі пратэсту 2010 года, грамадская актывістка Ніна Багінская была затрыманая міліцыяй вечарам на Кастрычніцкай плошчы Мінска, калі спрабавала ўзняць бел-чырвона-белы сцяг. Актывістку адвезлі ў Цэнтральны РАУС, дзе склалі пратакол апытання і праз 3 гадзіны адпусцілі, сцяг забралі.

 

19 снежня ў Віцебску каля 11 раніцы былі затрыманыя сябры аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўрэнаў. Машыну, у якой яны ехалі, спынілі супрацоўнікі ДАІ. У Станіслава, кіроўцы аўтамабілю, быў пратэрмінаваны тэхпашпарт, і супрацоўнікі  ДАІ аштрафавалі яго на 650 тысяч. А потым у Першамайскім РАУС на абодвух хлопцаў былі складзены пратаколы "за дробнае хуліганства" – нібыта яны абражалі і супрацоўнікаў ДАІ, і спецназаўцаў, якія праводзілі затрыманне. У гэты ж дзень затрыманыя былі дастаўлены ў суд, але судовы працэс не адбыўся, і А. Кішчук з С. Лаўрэнавым былі адвезены ў ізалятар часовага ўтрымання. 20 снежня суддзя Першамайскага райсуду Віцебска Валянціна Кісмярошкіна прысудзіла Аляксею Кішчуку і Станіславу Лаўрэнаву па 3 базавыя велічыні штрафу. Падставай для абвінавачання сталі паказанні чатырох міліцыянтаў, якія засведчылі, што хлопцы нецэнзурна выказваліся ў іх адрас... Разам з актывістамі ў Першамайскі РАУС трапіў і цацачны мішка з плакатам "Будучы прэзідэнт", але яго пасля суду гаспадарам не вярнулі.

 

27 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы прадпрымальніка Аляксандра Макаева па ч. 3 арт. 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейсненае паўторна на працягу года) за ўдзел у адзначэнні ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну. Яшчэ1 снежня падчас акцыі ягоны аўтамабіль спынілі супрацоўнікі міліцыі і ДАІ ў мястэчку Грозава. 13 снежня супрацоўнікі РАУС Копыльскага раёну знайшлі Аляксандра Макаева ў Мінску на рынку «Ракаўскі кірмаш», дзе ўзялі тлумачэнні і ўручылі пратакол за подпісам маёра міліцыі Шапашнікава Г. А. Судзьдзя Хаткевіч адмовіў у задавальненні хадайніцтваў Макаева аб допыце ў судзе сведак абвінавачання і аб допыце дадатковых сведак з ягонага боку і пастанавіў іх зачытаць. Скрыган з сельсавету Грозава адзначыла, што з заяўкай на мітынг ніхто не звяртаўся, напісала, што лозунгаў не было, чыталі малітвы, спявалі. Сведка Таісія Дарашэвіч указала, што каля крыжа былі людзі з сцягамі, траспарантаў не было, лозунгаў таксама, парадак не парушалі. Супрацоўнік ДАІ Давідоўскі засведчыў, што людзі спявалі па-беларуску, напісаў, што да міліцыянтаў падыходзіў Макаеў і казаў, што гэта ён арганізаваў дадзены мітынг. Пасля патрабавання, каб мітынг спынілі, цягам 5 хвілін гэты было выканана. Другі міліцыят Кажура напісаў тое самае. Суддзя Яўген Хаткевіч прыняў рашэнне аб вынясенні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу памерам 50 базавых велічынь.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

2 снежня адбылося паседжэнне Слонімскага райвыканкама, на якім быў дадзены загад кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый Слонімшчыны ў абавязковым парадку асабіста выпісаць па дзве дзяржаўныя газеты на 2013 год з пералічаных: “Советская Белоруссия», «Звязда», «Рэспубліка», “Гродзенская праўда” і раённая газета. Пасля заканчэння падпісной кампаніі ўсе падпісныя квіткі кіраўнікі павінны паказаць у райвыканкаме. Таксама ўсе радавыя  работнікі дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў павінны выпісаць на 2013 год па аднаму дзяржаўнаму выданню. На паштовых аддзяленнях сувязі горада і раёна таксама даведзены план па падпісцы на дзяржаўныя выданні сярод наведвальнікаў аддзяленняў. Калі гэты план не будзе выкананы, то супрацоўнікі паштовых аддзяленняў самі павінны выпісаць дзяржаўную прэсу, што прыводзіць да таго, што некаторыя паштальёны і работнікі сувязяў выпісваюць па 2-3 аднолькавыя газеты.  19 снежня галоўны ўрач Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы Юрый Пяцельскі загадаў усім загадчыкам аддзяленняў бальніцы выпісаць раённую газету “Слонімскі веснік” на 2013 год – па пяць асобнікаў на аддзяленне. 20 снежня старшая медсястра Слонімскай раённай паліклінікі з самай раніцы збірал па 7 тысяч беларускіх рублёў з кожнага работніка паліклінікі на падпіску раённай газеты “Слонімскі веснік” на 2013 год.

 

3 снежня ў Віцебску быў затрыманы рэдактар сайту "Народныя Навіны Віцебску" Сяргей Серабро, якога зацікавіла надзвычайная актыўнасць ў наваколлях дрэваапрацоўчага камбінату, які месціцца на самай ускраіне горада і дзе ішла падрыхтоўка да візіту Аляксандра Лукашэнкі. Журналіста затрымалі супрацоўнікі міліцыі, якіх выклікала ахова прадпрыемства. Пасля нядоўгага разбральніцтва журналіста адпусцілі, але на тэрыторыі дрэваапрацоўчага камбіната  праз некаторы час з'явіліся супрацоўнікі АМАПу ў форме – для дадатковай аховы.

 

10 снежня прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый Беларусі агучылі імёны лаўрэатаў прэміі за ўнёсак у абарону правоў чалавека за 2012 год. У “журналісцкай” намінацыі пераможцам вызначаны гродзенскі журналіст, карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут. Андрэй Пачобут, якія знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе ў сувязі з узбуджанай супраць яго крымінальнай справай ч. 2 арт. 367 КК РБ “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, выйшаў на відэасувязь праз скайп. Дыплом калегу – таксама віртуальна – уручаў адзін з мінулых лаўрэатаў прэміі журналіст Радыё “Свабода” Алег Груздзіловіч.

 

11 снежня ідэолагі Бялыніцкага раёну давялі план па падпісцы на газеты і часопісы практычна да кожнай арганізацыі, нават указалі, якія канкрэтна выданні павінны чытаць бялынічане ў першую чаргу. Па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй застаецца “Советская Белоруссия”, якую настойліва рэкамендуюць выпісваць па-максіму. Адпаведны план даведзены і да кожнага паштальёна Бялыніцкага раённага вузла паштовай сувязі. У ім пералічаны асартымент і колькасць дзяржвыданняў, падпіску на якія ў абавязковым парадку павінен забяспечыць кожны супрацоўнік. Па словах супрацоўнікаў аддзяленняў сувязі, максімум зноў жа выпадае на газету “Советская Белоруссия” і мясцовую раёнку “Зара над Друццю”.

 

22 снежня салігорскія праваабаронцы паведамілі пра падвойны ціск на грамадзян у сувязі з арганізацыяй падпіскі на дзяржвыданні. З аднаго боку прымус ідзе па падведамаснай вертыкалі, калі прымушаюць падпісвацца на газеты ды часопісы пэўнага міністэрства ці прадпрыемства. Гэткім чынам у салігорскіх школах настаўнікаў абавязваюць выпісваць “Настаўніцкую газету”, часопіс “Веснік адукацыі”. Адміністрацыя ААТ “Беларуськалій” прымушае выпісваць сваё профільнае выданне “Калійшчык Салігорска”, а ў “Будаўнічым трэсце №3”, адпаведна, змушаюць падпісацца на сваю ўласную газету “Строитель Солигорска”. Салігорскі аддзел па надзвычайных сітуацыях традыцыйна “распаўсюджвае” газету “Юный спасатель”. Паралельна ідэолагі Салігорскага выканкаму наладжваюць прымусовую падпіску на агульнанацыянальныя газеты кшталту “СБ - Беларусь сегодня”, а таксама на ўласную раёнку “Шахцёр”. Падпіска на гэтыя выданні ажыццяўляецца праз сетку ідэалагічных работнікаў на прадпрымствах гораду і раёна.

 

24 снежня стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі цікавяцца месцам знаходжання Аліны Літвінчук. Пра гэта распавёў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Вуек, у кватэры якога апошнім часам жыла журналістка. Паводле словаў Вуека, міліцыянты прыходзілі дадому ў яго адсутнасць, апытвалі суседзяў наконт таго, ці сапраўды ў гэтай кватэры жыве Літвінчук, а таксама высвятлялі, дзе яна працуе. Акрамя таго, невядомыя спрабавалі даведацца пра месца знаходжанне Аліны праз тэлефон. Уладзімір Вуек ад свайго ўчастковага даведаўся, што шукае Літвінчук іншы міліцыянт (Андрэй Хоміч), які засведчыў, што мусіць даставіць яе ў абласную пракуратуру, дзе Аліне павінны ўручыць афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці дзейнасці ў якасці журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі.

 

24 снежня на абвешчаную сустрэчу дэпутата Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў Ягора Лебядка з Мінска прыехалі пяцёра журналістаў. Ні адзін з іх у залу мясцовага Палаца культуры не патрапіў - іх затрымала міліцыя. За некалькі хвілін да пачатку сустрэчы дэпутата з выбаршчыкамі журналістаў Сяргея Вазняка, Мікалая Петрушэнку, рэпарцёра Лолу Бурыеву, аператара Вячаслава Пяшко і кіроўцу машыны затрымалі падпалкоўнік Андрэй Мартысюк і два ўчастковых у форме. Яны запатрабавалі прад'явіць дакументы. Журналісты паказалі пашпарты. Гэтага аказалася мала для высвятлення асобы і мэты прыезду, і затрыманых правялі ў мясцовае РАУС, дзе яны прабылі каля дзвюх гадзін. На журналістаў былі складзены пратаколы апытання, забіраныя носьбіты інфармацыі, якія потым вярнулі. Дэпутат Смалявіцкага раённага Савета Ягор Лебядок пасля сустрэчы з выбаршчыкамі, якая доўжылася каля паўтары гадзіны, прыйшоў у міліцыю, каб даведацца, чаму затрымалі журналістаў. У гэты час іх ужо выпускалі. Дэпутату паведамілі, што іх затрымлівалі для высвятлення асобы. Дэпутат адзначыў, што не супраць таго, каб на ягоных сустрэчах прысутнічалі прадстаўнікі прэсы.

 

28 снежня грамадскаму актывісту з Рагачова Дзянісу Дашкевічу раённая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Размова ў пракуратуры, якая доўжылася дзве гадзіны, праводзілася пракурорам спадарыняй Чуешавай. Дашкевіча папярэдзілі, што ў выпадку, калі на незалежным сайце vrogacheve.ru з’явяцца артыкулы, якія будуць змяшчаць недакладныя звесткі аб палітычным і эканамічным становішчы дзяржавы, альбо ганьбіць прадстаўнікоў улады, ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкулах 369-1 (“дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”), 188, частцы 2 (“паклёп”) і 189 частцы 2 (“абраза”) Крымінальнага кодэксу РБ. Размова ідзе пра крытычныя выказванні на адрас гарадскіх чыноўнікаў. Раней актывіста спрабавалі запалохаць у раённым аддзеле КДБ.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

2 снежня стала вядома, што Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі правы гомельскага грамадскага і палітычнага актывіста Уладзіміра Кацоры, переследуючы яго адміністрацыйнымі арыштамі за арганізацыю у абласным цэнтры мірных сходаў. За апошнія 5-6 гадоў спадар Кацора быў вымушаны за сваю дзейнасць правесці за кратамі каля 57 сутак арыштаў. У красакавіку 2006 года спадар Кацора спрабаваў арганізаваць у Гомелі мітынг, прысвечаны 20-ці годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС і з гэтай мэтаю распаўсюдзіў друкаваныя улёткі. За гэта суддзя суду Чыгуначнага раёну Гомеля Віталь Козыраў асудзіў яго на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. У лютым 2008 года спадар Кацора з’яўляўся арганізатарам сустрэчы жыхароў Гомелю з экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам. За гэта старшыня суду Савецкага раёну Гомеля Аляксандр Кострыкаў асудзіў яго на 7 сутак арышту. Прайшоўшы усе унутраныя сродкі прававой абароны, Уладзімір Кацора звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН, дзе палічылі, што пераследуючы свайго грамадзяніна ў адміністрацыйным парадку за распаўсюд інфармацыі аб маючых адбыцца мірных сходах, дзяржава парушае яго правы, замацаваныя у артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На падставе рэкамэндацый Камітэту ўрад Беларусі мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампэнсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэнняў у будучыні».

 

Не было дазволена ніводнае масавае мерапрыемства да Сусветнага дня правоў чалавека з заяўленых па ўсёй краіне на 10 снежня. 5 снежня грамадскі актывіст Віктар Сырыца і праваабаронца Сяргей Гоўша атрымалі ліст з Баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Дз. Касцюкевіча аб забароне пікета 10 снежня. Гарадскія ўлады не паведамілі, што канкрэтна парушылі заяўнікі. 7 снежня Віктар Сырыца атрымаў другі ліст за подпісам Дз. Касцюкевіча пра забарону пікета да Дня правоў чалавека. У ім зноў паведамляецца, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне пікета.

10 снежня віцебскія праваабаронцы хацелі зладіць пікет у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Гэта афіцыйна вызначанае ўладамі месца для правядзення масавых мерапрыемстваў. Але праваабаронцам адмовілі. Намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну  Наталля Ляпёшкіна прычыну забароны пікету патлумачыла тым, што  заяўнікі акцыі не заключылі дамоваў на абслугоўванне са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй.  

10 снежня шасцёра наваполацкіх грамадскіх актывістаў Антон Ясіновіч, Наталля Валяева, Таццяна Волкава, Яўген Парчынскі, Уладзімір Іваньковіч і Вольга Грыцкевіч прасілі дазвол на правядзенне акцыі, але атрымалі адмову, бо гарадcкія ўлады, як высветлілася, унеслі змены ў пералік месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Здарылася гэта амаль год таму, але цішком ад гараджанаў. Актывісты правесці акцыю планавалі на пляцоўцы перад гарадскім Палацам культуры. Аднак у адмове за подпісам намесніка старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Вячаслава Дурнова было сказана, што ў адпведнасці з рашэннем выканкаму ад 09.09.2011г. "пляцоўка перад гарадскім домам культуры выключана з месцаў для правядзення пікетавання". Наваполацкія актывісты падкрэсліваюць, што змены ў рашэнні сталі для іх нечаканасцю: пра гэта своечасова не паведамілі грамадзкасці Наваполацка. І на ўвесь досыць вялікі горад засталася ўсяго адна пляцоўка, дзе ўлады дазваляюць збірацца на масавыя мерапрыемствы – каля ўваходу ў гарадскі парк культуры і адпачынку, у якім зімой наведнікаў амаль не бывае.

 

12 снежня стала вядома пра забарону пікета, заяўленага да другой гадавіны падзеяў 19 снежня 2010 года. Актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Сяргей Малашанак падаваў заяўку на пікет, мэтай якога было выказванне пратэсту супраць незаконнага зняволення грамадзян Беларусі, у тым ліку былых кандыдатаў – удзельнікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў. З Наваполацкага гарвыканкаму даслалі адмову. Ліст з выканкаму быў падпісаны намеснікам старшыні гарвыканкаму Вячаславам Дурновым. Адмова гунтуецца на тым, што месца меркаванага пікета – пляцоўка каля крамы "Дамалюкс" – не ўваходзіць у пералік дазволеных месцаў для правядзення масавых акцый.

 

Прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі падавалі 91 заяўку па ўсёй краіне на правядзенне 19 снежня пікетаў пад агульнай назвай “Скралі выбары, каб распрадаць краіну”, але ніводная не была задаволена. Прычыны адмоваў паўсюль называліся розныя, але абсалютна відавочны агульны падыход на абмежаванне права выказваць сваё меркаванне шляхам правядзення публічных акцый.

14 снежня салігорскі райвыканкам не даў дазволу на правядзенне пікета 19 снежня. Абмежаванне права на свабоду мірных сходаў было абгрунтаванае чыноўнікамі адпаведным рашэннем Салігорскага выканкама ад 7 кастрычніка 2004 году “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і выкананні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”. Заяўнікам пікету, сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктару і Аляксандру Малочкам, у правядзенні пікета 19 снежня 2012 года ў праку “Маладосць” было адмоўлена “у сувязі з неадпаведнасцю месца правядзення пікета вышэйуказанаму рашэнню”.

15 снежня старшыня Баранавіцкай філіі АГП Анжаліка Камбалава атрымала ліст з гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамляецца, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне пікета 19 снежня. Спадарыня Камбалава паведаміла, што заключыла дамовы з гарадской паліклінікай і ЖКГ па абслугоўванню масавага мерапрыемства ў старым парку горада. Аднак з-за бюракратычнай цяганіны яна не змагла заключыць такую ж дамову з ГАУС, што і стала фармальнай прычынай забароны пікета 19 снежня.

16 снежня лідэр бабруйскай суполкі АГП Віктар Бузінаеў атрымаў адказ з гарвыканкама, за подпісам намесніка старшыні Аляксандра Маркачова. Актывісту адмовілі ў правядзенні пікета 19 снежня на стадыёне спарткомплекса “Славянка”. Прычына адмовы пазначана наступная: “не ўказаны від масавага мерапрыемства, маршрут руху, грамадзянства арганізатара мерапрыемства”. Таксама чыноўнік указвае на тое, што заяўнікі не ўказалі меры па забеспячэнню грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання і прыборкі тэрыторыі. Намеснік старшыні гарвыканкама сцвярджае, што акрамя пералічанага быў парушаны артыкул 8 Закона, згодна з якім арганізатары не маюць права абвяшчаць месца, час і дату правядзення мерапрыемства ў СМІ, да атрымання дазволу на яго правядзенне.

17 снежня стала вядома пра забарону ў Брэсце дзевяці пікетаў 19 снежня ў розных месцах абласнога цэнтру. Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек паведаміў: “Прычыны для забароны розныя: у прыватнасці, тое, што мы пазначылі ў сваіх заяўках пляцоўкі, на якія не распаўсюджваецца дзеянне рашэння гарвыканкаму, што тычыцца правядзення ў Брэсце масавых мерапрыемстваў. Але нам адмовілі ладзіць пікет і ў месцах, якія ўлады вызначылі для такіх акцый. Напрыклад, гэта тычыцца стадыёна “Лакаматыў”:  выконваючы абавязкі намесніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімір Чарноў у сваім адказе заначае, што паколькі масавае мерапрыемства адбываецца без удзелу орагнаў дзяржаўнай улады, арганізатары акцыі мусяць прыкласці да заявы аб правядзенні пікету дамовы з установамі унутраных спраў, аховы здароўя і камунальнага прадпрыемства “Брэсцкая гарадская ЖКГ”. Акрамя таго, з адказу вынікае, што аплата паводле гэтых дамоваў павінна быць праведзена не пазней, чым за адзін дзень да пачатку мерапрыемства”. Менавіта адсутнасць такіх дамоваў і аплаты па іх з’явіліся падставай для Брэсцкага гарвыканкаму забараніць запланаваныя пікеты.

18 снежня ўсе чацвёра барысаўскіх заяўнікаў пікетаў “Скралі выбары, каб распрадаць краіну” атрымалі пісьмовыя забароны на правядзенне мерапрыемстваў за подпісам старшыні Барысаўскага райвыканкама Уладзіміра Мірановіча, напісаныя, нібы пад капірку. Тлумачэнне забароны такое: “ ... Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт забараняе Вам праводзіць пікет 19 снежня 2012 года, у сувязі з невыкананнем патрабаванняў пункта 3 рашэння Барысаўскага раённага камітэта ад 13 чэрвеня 2010 года № 851 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Барысаўскім раёне”. У пункце 3 названага рашэння арганізатарам масавых мерапрыемстваў ставіцца ў абавязак адначасова з заяўкай падаваць копіі дамоваў з міліцыяй, цэнтральнай раённай бальніцай і камунальнай службай на аплату расходаў па ахове грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, а таксама аплата гэтых выдаткаў на працягу дзесяці дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства. Парадаксальнасць сітуацыі складаецца ў тым, што ўсе пералічаныя службы адмаўляюцца заключаць дамовы з арганізатарамі, пакуль не будзе дазволу ад райвыканкама на правядзенне мерапрыемства.

 

21 снежня брэсцкі гарвыканкам адмовіў у правядзенні акцый, удзельнікі якіх мелі намер выступіць за больш хуткую рэалізацыю пагаднення аб малым памежным руху з Польшчай. Як паведаміў адзін з ініцыятараў пікетаў Ігар Маслоўскі, ладзіць гэтыя мерапрыемствы планавалася 21, 22 і 23 снежня каля цэнтральнага ўнівермага ў абласным цэнтры. У адказе з гарвыканкама гаворыцца, што правядзенне пікетаў забаронена на той падставе, што яны плануюцца ў месцы, якое не прызначана для такіх мерапрыемстваў. Але праводзіць мерапрыемствы на стадыёне “Лакаматыў” ці на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, вызначаных гарвыканкамам, бессэнсоўна: там практычна не бывае людзей, тым больш зімой. А вось на пляцоўцы каля ЦУМа заўсёды шматлюдна.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцыяў

 

2 снежня стала вядома пра пераслед актывістаў незалежнага прафсаюза на прадпрыемстве “Граніт” у Мікашэвічах. Ад кіроўцы экскаватара Леаніда Дубаносава адміністрацыя прадпрыемства запатрабавала вызначыцца, ці будзе ён надалей плаціць сяброўскія складкі ў гэты прафсаюз праз бухгалтэрыю “Граніта”. У выпадку, калі Дубаносаў не адмівцца ад сяброўства ў незалежным прафсаюзе, прадстаўнікі адміністрацыі паабяцалі знайсці падставы, каб скасаваць з ім працоўны кантракт. Леанід працуе на прадпрыемстве “Граніт” ужо больш за дзесяць гадоў і раней ніколі не меў заўвагаў з боку кіраўніцтва. 17 снежня з’явілася інфармацыя пра ціск на казначэя суполкі гэтага прафсаюзу Анатоля Літвінку. Амаль штодня прадстаўнікі адміністрацыі “Граніту” патрабуюць ад яго тлумачальныя, на падставе якіх робяцца заўвагі, што вельмі хутка могуць быць падставай для звальнення. Раней такі самы ціск адчувала жонка Анатоля Літвінкі – Людміла, якая таксама працавала на “Граніце” і была звольненая за сувязь са створаным на прадпрыемстве незалежным прафсаюзам. 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства