Паўтара мільёны штрафу атрымаў берасьцеец Аляксандр Дзенісенка за “Культ асобы Лукашэнкі”
Спадар Аляксандр Дзенісенка атрымаў паведамленьне з суду Цэнтральнага раёну Гомеля, згодна з якім яму неабходна ў 15-ці дзённы тэрмін аплаціць штраф. Вяртаючыся 17 сьнежня з канферэнцыі “Саюза Левых Сілаў”, што праходзіла ў Чарнігаве (Украіна), дамоў праз памежны пераход “Новая Гута” Гомельскай мытні ён абраў спрошчаную форму дэкляраваньня тавараў і праследваў “зялёным калідорам”. Увагу мытніка прыцягнулі кнігі “Аб кульце асобы Лукашэнкі”, якія ляжалі на заднім сядзеньні аўтамабіля. Усяго было знойдзена і сканфіскавана 17 асобнікаў.
8 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомеля прыйшоў да высновы, што “інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў друкаваных выданьнях можа ненесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь, гэта значыць падлягае абавязковаму дэклараваньню ва ўстаноўленай форме” і пастанавіў прыцягнуць Дзенісенку А.Ф. да адміністратыўнай адказнасьці ў памеры 50 базавых велічынь за парушэньне ч.1 арт 193-9: “не заявіў у вызначанай форме звестак аб перасоўваемым тавары, які забаронены да перасоўваньня праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь”. Спадар Дзенісенка з пастановай суду ня згодны, бо ўпэўнены, што ім было ўсё задэкляравана, і абскардзіў яго ў Гомельскім абласным судзе.
Берасьцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін лічыць, што пакараньне надуманае, паколькі супярэчыць ч.1 арт. 34 Канстытуцыі РБ, якая дэкларуе “права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюджваньне поўнай, дакладнай і сваечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці, стане навакольнага асяроддзя.” Аказваецца кніга “Аб кульце асобы Лукашэнкі” можа нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Канфіскацыя і пакараньне неабходныя дзеля таго, каб адрапартаваць аб прынятых мерах па барацьбе з іншадумствам пад выглядам “дзяржаўнай бясьпекі”.