viasna on patreon

У Магілёўскім раёне зямлю перадалі фермеру без грамадскага абмеркавання

2013 2013-01-22T14:30:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/traktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Абласная пракуратура прызнала факт парушэння заканадаўства Магілёўскім райвыканкамам пры перадачы зямельнага ўчастка кіраўніку фермерскай гаспадаркі “Пралесак” Юрыю Коршунаву, аднак да ліквідацыі парушэнняў справа не дайшла.

Ад рашэння мясцовай улады пацярпелі жыхары вёскі Нядашаўка-2 Магілёўскага раёна. Новы ўладальнік зямлі засееў луг кукурузай і такім чынам абмежаваў доступ насельніцтва да вадасховішча і пазбавіў людзей традыцыйнага адпачынка каля вады.

“Аб тым, што луг перадалі фермеру, мы даведаліся тады, калі ён яго распахаў. Гэтая зямля з пасляваенных часоў знаходзілася ў агульным грамадскім карыстанні – там людзі пасвілі кароў, адпачывалі сем’ямі, купаліся і загаралі каля вадаёму. Перад перадачай зямлі новаму ўласніку ніхто ніякіх грамадскіх абмеркаванняў не праводзіў – усё было зроблена ціхай сапай”, - кажа жыхар вёскі Нядашаўка-2 Зміцер Яўстратаў.

У сувязі з гэтым мясцовыя жыхары звярнуліся ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Людзі хочуць праз суд вярнуць права карыстацца гэтай зямлёй, у тым ліку, скарыстоўваць яе для ўласнага адпачынка.

“Ужо пасля нашай скаргі ў аблвыканкам нам стала вядома, што зямля была выведзена з разраду лугавой і пераведзена ў разрад ворных зямель. Наша перапіска з уладамі працягваецца ўжо амаль два гады і ніякіх зменаў не адбываецца. У сувязі з гэтым пакаралі дысцыплінарна і дэпрэміравалі ўсяго некалькі чыноўнікаў, аднак толькі гэтым справа і абежавалася”, - працягвае Зміцер Яўстратаў.

Зміцер адзначае, што калектыўныя скаргі пісалі ў аблвыканкам, пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, аднак эфекту ад іх няма ніякага - усе яны пересылаліся той арганізацыі, на якую скардзіліся людзі.

“Наша заканадаўсвта не працуе. Да прыкладу, у законе пазначана, што перад перадачай зямлі ўласніку трэба праводзіць грамадскія абмеркаванні. Чаму гэта не было зроблена, невядома”, - працягвае мясцовы жыхар.

Трэба адзначыць, што кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Пралесак” Юрый Коршунаў з’яўляецца дэпутатам Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў і кіраўніком асацыацыі фермераў па Магілёўскай вобласці. Праваабаронцы не выключаюць, што пры здачы зямлі ў арэнду новаму ўласніку быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс.

 “Дадзены факт высвеціў сапраўднае стаўленне ўладаў да людзей. Рашэнні дагэтуль прымаюцца кулуарна, у інтарэсах сваіх альбо асобна прыбліжаных асобаў і без уліку звычайных грамадзян. Грамадскія абмеркаванні праводзяцца па тых аб’ектах і зямельных надзелах, якія не выклікаюць ніякай рэакцыі ў мясцовага насельніцтва акрамя маўклівай згоды”, - гаворыць правааабронца Барыс Бухель.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства