viasna on patreon

ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" звярнулася да міністра інфармацыі з просьбай праясніць сітуацыю з друкарнямі, якія адмаўляюцца працаваць з некаторымі недзяржаўнымі выданнямі.

2003 2003-08-04T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4-га ліпеня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (далей па тэксце - БАЖ) звярнулася да міністра інфармацыі з просьбай праясніць сітуацыю з друкарнямі, якія адмаўляюцца працаваць з некаторымі недзяржаўнымі выданнямі.

Як паведамляе Прэс-служба ГА "БАЖ", гаворка найперш ідзе пра газеты, якія змяшчалі на сваіх старонках матэрыялы журналістаў прыпыненай "Белорусской деловой газеты".
Зварот быў прыняты па просьбе выдаўца і галоўнага рэдактара баранавіцкай "Местной газеты Шаг" Анатоля Вайцяхоўскага, з якім у канцы ліпеня скасавалі дамовы слонімская і нясвіжская друкарні. З гэтага часу ніводнае прадпрыемства ў Беларусі не прымае яго выданне ў друк, спасылаючыся на адсутнасць тэхнічных магчымасцяў. Між тым, БАЖ разглядае гэтую прычыну як "надуманую". Так, па інфармацыі Праўлення БАЖ, Слонімская друкарня загружаная не цалкам. "У адваротным выпадку заставалася б канстатаваць вельмі нізкі ўзровень развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў, многія з якіх уваходзяць у сістэму Міністэрства інфармацыі, і немагчымасць далейшага развіцця сістэмы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі", - сцвярджаюць у звароце сябры Праўлення.
БАЖ звяртае ўвагу на тое, што выпадак з "Местной газетой Шаг" - не адзіны: з аналагічнай праблемай сутыкнулася рэдакцыя газеты "Салiдарнасць". Як і сп. Вайцяхоўскі, галоўны рэдактар "Салідарнасці" Аляксандр Старыкевіч звязвае праблемы свайго выдання з рэакцыяй уладаў на размяшчэнне матэрыялаў журналістаў прыпыненай "БДГ". Аднак беларускае заканадаўства "не забараняе абнародаваць у іншых СМІ матэрыялы журналістаў прыпыненага выдання", - падкрэслівае БАЖ.

Звяртаючы ўвагу на тое, што адной з функцый Міністэрства інфармацыі з'яўляецца "недапушчэнне злоўжыванняў свабодай выдавецкай дзейнасці і ўдасканальванне правоў і свабодаў грамадзян у Рэспубліцы Беларусь", БАЖ просіць міністра ўдакладніць: ці адпавядаюць рэчаіснасці звесткі, што кіраўнікам паліграфічных прадпрыемстваў рэкамендавана не друкаваць "Местную газету Шаг" і "Салiдарнасць", а таксама іншыя выданні, якія прадастаўлялі свае старонкі журналістам "БДГ"? Акрамя таго, журналісты просяць міністра паведаміць, ці дазваляе тэхнічная база беларускіх друкарань заключаць дамовы на друкаванне газет "Местная газета Шаг" і "Салiдарнасць" і выпускаць іх адзін раз на тыдзень агульным накладам каля 20 тысяч асобнікаў?
БАЖ таксама звяртаецца да міністра з просьбай дапамагчы галоўным рэдактарам згаданых газет знайсці паліграфічную базу для друку на тэрыторыі Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства