Беларусы патрабуюць пайсці на сустрэчу ЕС у пытанні спрашчэння візавага рэжыму
Грамадзяне Беларусі пачалі збор подпісаў пад петыцыяй да беларускіх
уладаў з патрабаваннем пачаць перамовы з Еўрапейскім Саюзам па пытанні
спрашчэння візавага рэжыму. Беларусь ужо шмат гадоў з'яўляецца лідэрам па
колькасці атрыманых шэнгенскіх візаў. Пры гэтым, на сённяшні дзень, беларускім
грамадзянам у параўнанні з грамадзянамі Украіны і Расіі прыходзіцца прыкладаць значна
больш намаганняў для атрымання запаветнай візы. Поўная працэдура разгляду
хадайніцтваў на візу, збор у 60 еўра, вялізныя чэргі каля амбасадаў і консульстваў еўрапейскіх дзяржаў прычыняюць шмат нязручнасцяў. Пры гэтым сітуацыя з кожным годам
толькі пагаршаецца.
Еўрапейскі Саюз для таго, каб максімальна змякчыць гэтую сітуацыю, ужо некалькі
гадоў прапануе беларускім уладам пачаць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму
і адкрыць беларусам шлях ў Еўропу. Спрашчэнне візавага рэжыму дазволіць амбасадам хутчэй апрацоўваць
хадайніцтвы, знізіць кошт візы да 35 еўра. Аднак беларускія ўлады не ідуць на
сустрэчу ЕС і марудзяць з перамовамі.
«Беларускія ўлады падобна забыліся, што яны не павінны дзейнічаць на шкоду
народу. Урады Украіны і Расіі, напрыклад, ужо даўно дамовіліся з ЕС і іх грамадзяне
лёгка і танна атрымліваюць візы. Беларускі ўрад адмаўляецца нават абмяркоўваць
гэтае пытанне з ЕС. Таму я палічыў патрэбным нагадаць беларускім уладам пра іх
абавязкі абараняць інтарэсы свайго народа і ініцыяваў гэтую петыцыю. Спадзяюся,
што петыцыя зможа выправіць сітуацыю», - заяўляе аўтар петыцыі Аляксандр Велітчанка.
Свой подпіс пад петыцыяй да ўрада Беларусі з патрабаваннем пачаць перамовы па
спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС можна паставіць па адрасе ў інтэрнэце:
http://www.change.org/bezvizy