viasna on patreon

Другі год Святлана Вяргечык патрабуе прыцягнуць да адказнасці міліцыянта, які збіваў яе

2013 2013-01-24T16:05:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viarhejchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Святлана Вяргейчык

Святлана Вяргейчык

Жанчыну затрымалі падчас адной з маўклівых акцыяў ў 2011 годзе. На яе быў складзены пратакол за нібыта здзейсненае дробнае хуліганства. А ў Партызанскім РАУС, куды яе прывезлі пасля затрымання, у адносінах да яе тагачасны намеснік начальніка РАУС Пазняк А.В. прымяніў грубую фізічную сілу.

Святлана Вяргейчык пасля гэтага праходзіла лячэнне ў шпіталі. Нягледзячы на медыцынскія выпіскі і тое, што вытворчасць па адміністрацыйнай справе была спыненая судом, ужо другі год жанчына не можа дабіцца, каб міліцыянта прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

Першая скарга была пададзеная 15 ліпеня 2011 года - праз 11 дзён пасля затрымання. Праз месяц пракуратура Кастрычніцкага раёна Мінска вынесла пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы - за адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў складу злачынства.

Аднак падчас праверкі і вывучэння відэа з Партызанскага РАУС было выяўлена, што намеснік начальніка Пазняк А.В. прымяніў фізічную сілу ў адносінах да Святланы Вяргейчык, а гэта парушэнне патрабаванняў ч.1. і ч.2 арт.26,27 закона "Аб органах унутраных спраў РБ". Таксама было ўстаноўлена, што пры затрыманні Пазняк не прад'явіў службовае пасведчанне, быў апрануты ў грамадзянскую форму адзення. Больш за тое, прымяненне фізічнай сілы не было зафіксавана ў адмысловым журнале рэгістрацыі, як таго патрабуе закон.

2 лютага 2012 года Святлана Вяргейчык накіравала скаргу на адмову пракуратуры ў Следчы камітэт Кастрычніцкага раёна Мінска для правядзення дадатковай праверкі. Цікавая акалічнасць - міліцыянта Пазняка А.В. не толькі не пакаралі за прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да Вяргейчык, але і павысілі - да начальніка районнага аддзела Следчага камітэта. 

Пасля праверкі старэйшы следчы Кастрычніцкага раённага аддзела СК Пудаў М.М. вынес пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы. Важная акалічнасць - дадзеную пастанову следчы ўзгадніў з начальнікам раённага аддзела СК - то бок з самім Пазняком, чые дзеянні і асбкарджваліся. Вынесеная пастанова зацверджаная подпісам Пазняка.

Паколькі дзеянні следчага Пудава з'яўляюцца парушэннем ч.2. арт.140 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РБ (забараняецца паручаць разгляд скаргаў службовай асобе, чые дзеянні абскарджваюцца, альбо зацвердзіўшаму рашэнне), рашэнне было адмененае і матэрыялы праверкі накіраваны ў Партызанскі раённы аддзел СК. Рашэнне старэйшага следчага Ляшука А.В. было такім самым, які і ягоных калегаў, - адмовіць у завядзенні крымінальнай справы.

Але і гэта рашэнне не канчатковае - як высветлілася, следчы Ляшук А.В.  не высветліў ўсе абставіны справы, начальнік лінейнага працэсуальнага кантролю Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Клішэвіч А.В. дадзеную пастанову адмяніў і накіраваў ізноў у Партызанскі раённы аддзел СК для дадатковай праверкі. Але і пасля дадатковых праверак следчы Ляшук так і не выканаў усіх указанняў УСК РБ па Мінску, а менавіта - не былі дапытаныя сведкі і відавочцы, якія былі затрыманыя ў ліпені 2011 года разам са Святланай Вяргейчык.

На некаторыя тлумачэнні ў адказах службовых асоб варта звярнуць асаблівую ўвагу. Напрыклад, начальнік Кастрычніцкага РАУС г.Мінска С.Ф. Бяссмертны адзначае: "06.07.2011 у ДК Чыгуначнікаў у г.Мінску Пазняк А.В. выконваў задачы па аюароне інтарэсаў грамадства ад іншых супрацьпраўных замахаў, і ў сувязі з адсутнасцю ў Законе Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" дакладнага вызначэння паняцця "фізічная сіла", варта лічыць дзеянні Пазняка А.В. ў адносінах Вяргейчык С.Д. не як прымяненне фізічнай сілы, а прымяненне фізічнага ўздзеяння" (адказ ад 16 верасня 2011 года).

Такім чынам, ужо другі год ідзе разбіральніцтва па дадзенай справе. За гэты час міліцыянт Пазняк пайшоў на павышэнне, а ўсе адказы, дадзеныя супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры і Следчага камітэта, пакуль нагадваюць фармальныя адпіскі. Спадарныя Вяргейчык жа рыхтуе чарговую скаргу - у пракуратуру Партызанскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства