viasna on patreon

Юрысты БХК раскрылі схему ўнясення апазіцыянераў у “спіс невыязных”

2013 2013-01-25T09:02:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

І нават ведаюць імя чалавека, які мог стаць тым самым “тэхнічным збоем”, на які вінавата спасылаюцца ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

 “Паганяйлу Гары Пятровічу ў задавальненні пазоўных патрабаванняў да Міністэрства юстыцыі, Міністэрства фінансаў і Міністэрства ўнутраных спраў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды адмовіць. Рашэнне можа быць абскарджанае на працягу дзесяці дзён пасля яго вынясення”, — такія словы зачытаў на досвітку 23 студзеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Шастакоў, якому выпала весці справу праваабаронцы Гары Паганяйлы.

Паганяйла хоча ад міністэрстваў тры мільёны за тое, што ў базе дадзеных з прозвішчамі невыязных з Беларусі адбыўся “тэхнічны збой”, у выніку якога Паганяйла (а разам з ім яшчэ прыкладна 50 апазіцыянераў, журналістаў і праваабаронцаў) згубіў магчымасць легальна выехаць з краіны.

Да “тэхнічнасці” гэтага збою ёсць вялікія пытанні. А калі гэта насамрэч была памылка камп'ютара, то беларусаў можна ўпэўнена віншаваць з вынаходніцтвамі штучнага інтэлекту. Праўда, ён чамусьці вырашыў падтрымліваць “крывавы рэжым”. Чым іншым можна патлумачыць той факт, што ахвярамі бяздушнай машыны сталі выключна вядомыя і нелаяльныя да ўладаў людзі? Але ад дзеянняў гэтага беларускага “Скайнэта” пацярпелі не толькі апазіцыянеры. “Тэхнічны збой” “падставіў” шматлікіх суддзяў і ваенкамаў, а загадчыца аднаго з аддзелаў Мінюста нават пазбавілася праз яго працы.

“Ніякіх судовых рашэнняў ў адносінах да Паганяйлы Гары Пятровіча мной не выносілася, з грамадзянінам Паганяйла Г.П. я ніколі не сустракаўся, асабіста не знаёмы, не меў ніякіх адносінаў, ні асабістых, ні працоўных”, — паведамляе суддзя Ваўкавыскага суда Мікалай Талашка ў размове з дазнавальнікам, якому даручана апытаць суддзю.

Менавіта гэты суддзя, паводле “тэхнічнага збою”, асуджае Паганяйлу на часовае знаходжанне ў межах Беларусі нібыта за эканамічнае злачынства. Пасля Ваўкавыскі суд перадае сваё рашэнне з пашпартнымі звесткамі праваабаронцы ў Міністэрства юстыцыі, адтуль яны трапляюць у МУС. З МУС, пасля праверак правільнасці даных, у Памежны камітэт. А адтуль — проста ў камп'ютары памежнікаў, якія павінны спыніць Гары Пятровіча Паганяйлу пры перасячэнні ім мяжы Рэспублікі Беларусь.

Неверагодная па сваёй фантастычнасці аперацыя, калі дапусціць, што яе правярнуў нейкі таямнічы “тэхнічны збой”. Таму не дзіўна, што ахвяры камп'ютарнай памылкі не паверылі ў яе існаванне. Больш за іншых не паверыў Гары Паганяйла. Маючы немаленькі досвед працы ў сістэме юстыцыі Беларусі (а ён доўгі час працаваў і суддзёй, і адвакатам, і непасрэдна ў Мінюсце цягам 14 гадоў), праваабаронца правёў уласнае даследаванне і высветліў амаль усе акалічнасці цёмнай гісторыі.

Рэч у тым, што ў апісаным вышэй ланцужку перадачы звестак аб абмежаванні на выезд з судоў памежнікам ёсць адзін важны элемент — электронны подпіс. Дзякуючы гэтаму паролю не толькі ўсе змены ў базе даных невыязных беларусаў можна адсачыць, а нават даведацца, хто іх ўносіў. Тым больш што ўладальнікаў гэтага электроннага подпісу ў краіне не так шмат. Паганяйла расказвае, што на ўсё Міністэрства юстыцыі такі чалавек усяго адзін.

“На ўсю сістэму Міністэрства юстыцыі толькі адзін чалавек меў электронны подпіс. Напрыклад, ні ва ўпраўленні юстыцыі, ні суддзі, ні нейкія іншыя супрацоўнікі Мінюста не мелі гэтага подпісу”.

Праваабаронца гаворыць “быў”, бо паводле яго звестак той самы адзіны на ўвесь Мінюст уладальнік электроннага подпісу (а ў лютым-сакавіку 2012 года, калі і пачалася гэтая цёмная гісторыя, ім быў Аляксей Таўстоў), на сваёй пасадзе больш не працуе. А з матэрыялаў справы вынікае, што пазбавілася сваёй пасады і непасрэдная начальніца Таўстова — загадчыца Аддзела інфармацыйных тэхналогій Ірына Пятрова. Аб гэтым стала вядома з паказанняў новага кіраўніка гэтага структурнага падраздзялення Мінюста — Андрэя Ефрэмава. У гутарцы з дазнавальнікам ён таксама расказаў, што неўзабаве пасля пачатку бясконцых скаргаў і судоў з Паганяйлам у Мінюсце здарылася бяда — раптам знішчыліся серверы з інфармацыяй. Паводле злога супадзення акурат тыя, дзе захоўваліся неабходныя для расследавання “тэхнічнага збою” звесткі. Такая вось бяда.

Згодна з праваабаронцам Паганяйлам, усе гэтыя падзеі могуць сведчыць альбо аб жаданні замясці сляды злачынства, дапушчанага самім Мінюстам, альбо аб нежаданні гэтага ведамства адказваць за чужыя незаконныя справы. Чые — невядома. Хоць кола вузкае: электроннымі подпісамі валодаюць прадстаўнікі КДБ, ААЦ і МУС. Паводле закона, прыцягнуць да адказнасці Паганяйла можа толькі Міністэрства ўнутраных спраў. Чым скончылася спроба гэта зрабіць, можна даведацца з пачатку артыкула.

Пазіцыя МУС простая: там вераць у штучны інтэлект і расказваюць пра “тэхнічны збой”. І дадаюць, што шукаць праўду няма ніякай магчымасці — серверы з базай даных аб усіх невыязных нельга адключыць ад сістэмы і даследаваць. Маўляў, пункты пропуску на межах перастануць працаваць і будзе бяда.

 

Але Гары Паганяйла не здаецца. Ён дакладна ведае, што згодна з законам  звесткі з гэтай базы захоўваюцца на працягу 25 гадоў і ўжо рыхтуе паперы адразу для двух новых судовых працэсаў.




Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства