Затрыманыя ў Магілёве моладзевыя актывісты вызвалены
5 сакавіка ў Магілёве былі затрыманыя моладзевы актывіст Сяржук Гіркін і сябар Маладога Фронту, Антон Усьцімчук. Хлопцаў пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку каля адной гадзіны й пасьля правядзеньня прафілактычнае гутаркі ды складаньня тлумачэньняў па факце затрыманьня вызвалілі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Маладога фронту.
Сяржука Гіркіна й Антона Ўсьцімчука затрымалі за распаўсюд газэты “Свабода” на вуліцы Ленінскай г.Магілёва. Міліцыянтаў зацікавіў зьмест друкаваных матэрыялаў, што й стала падставаю для затрыманьня. Але пазьней пасьля таго, як капітан міліцыі Юры Кірыловіч асабіста “праверыў” газэты й не знайшоў у іх “правакацыйных матэрыялаў” і заклікаў да “зьвяржэньня дзяржаўнага ладу”, усе затрыманыя былі вызваленыя, захапіўшы нават з сабою папярэдне сканфіскаваныя газэты “Свабода”.