На ўлёткі дзяржава грошай не дасць, вылучэння ў дэпутаты ад грамадскіх арганізацый не будзе
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па зменах выбарчага заканадаўства.
Дзіўна, чаму гэтая тэма стала на парадку дня менавіта цяпер. Магчыма, гэта можна было б разглядаць у новым пакеце абяцанняў, якія ўлады рыхтуюць для Захаду. Аднак новаўвядзенні маюць хутчэй абмежавальны характар.
Звяртае ўвагу, што свае меркаванні адносна выбарчай сістэмы выказалі не толькі Лукашэнка і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, але і міністр замежных справаў Уладзімір Макей, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў, спікер палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, дзяржсакратар Рады бяспекі Леанід Мальцаў і нават старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура.
«Мы не ставім за мэту нешта змяніць. Мы вядзем дыскусію аб удасканальванні заканадаўства. Мы паглядзім прапановы, і калі нам гэта падыходзіць — мы прымем, не — значыць, не прымем», — сказаў Лукашэнка.
Першае, што звяртае ўвагу — рэспубліканскія грамадскія арганізацыі не атрымаюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Цяпер такім правам валодаюць палітычныя партыі. Калі б такая прапанова прайшла, то Таварыства беларускай мовы ці Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама Саюз палякаў змаглі б выстаўляць сваіх кандыдатаў. Але карыстацца гэтым змаглі і «Белая Русь», і іншыя дзяржаўныя арганізацыі.
Ярмошына сказала, што «апанентаў улады такое рашэнне задавальняе», але яе словы заўжды трэба інтэрпрэтаваць адваротна.
Была падтрыманая ініцыятыва, каб парламенцкія выбары праходзілі ў адзін тур. А дэпутат абіраўся простай большасцю галасоў. У прынцыпе, за часам Лукашэнкі другі тур і не практыкаваўся. Дэпутатаў «абіралі» ў адзін дзень.
Таксама Ярмошына за забарону кандыдатамі ў дэпутаты весці агітацыю байкоту выбараў. Такую тактыку ў 2012 годзе ўжылі АГП і БНФ. Удала, выходзіць, раз цяпер гэта забараняюць.
Падтрыманая прапанова аб тым, каб выраб улётак і плакатаў аплочваўся за кошт самога кандыдата, а не з бюджэту. Думаецца, не ўсе кандыдаты маюць сродкамі на ўлёткі.
Было вырашана вярнуцца да пытання выбарчага заканадаўства ў маі.