viasna on patreon

Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу

2007 2007-03-06T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апазыцыйны лідэр Аляксандар Мілінкевіч сёньня ў Менску сустрэўся з амбасадарамі краін Эўразьвязу, акрэдытаванымі ў Беларусі. Асноўнае пытаньне, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы, – сьвяткаваньне 25 сакавіка.

Усе амбасадары краін Эўразьвязу, акрэдытаваныя у Беларусі (сярод іх прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі) узялі ўдзел у сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам. Яна цягнулася больш за гадзіну ў амбасадзе Францыі. Абмяркоўвалася палітычная сытуацыя ў Беларусі, прапановы Эўразьвязу, зробленыя Аляксандру Лукашэнку. Спадар Мілінкевіч запрасіў шэраг эўрапейскіх палітыкаў і парлямэнтароў узяць удзел ў сьвяткаваньні Дня волі ў Менску. Ужо ёсьць згода ад віцэ-прэзыдэнта Эўрапарлямэнту, італійца Марыё Маўры і лідэра Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу, правай рукі канцлеркі Нямеччыны, спадара Пофалы, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле спадара Мілінкевіча, прадстаўнікі краін Эўразьвязу лічаць, што зрабілі ўсё неабходнае для таго, каб прадэманстраваць адкрытасьць для Беларусі, для эўрапейскага супрацоўніцтва. Нагадаем, Эўразьвяз выказаў шэраг патрабаваньняў да беларускіх уладаў, сярод якіх вызваленьне ўсіх палітвязьняў, свабода слова і маніфэстацый, дэмакратызацыя выбарчага працэсу.

Амбасадар Нямеччыны, якая цяпер страшынюе ў Эўразьвязе, Марцін Хэкер сказаў, што неўзабаве ў Менск прыбывае дэлегацыя Эўразьвязу, накіраваная вярхоўным прадстаўніком Зьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам. Паводле спадара Хэкера, будуць абмяркоўвацца важныя для Эўразьвязу пытаньні, чакаюцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўсіх палітычных сілаў краіны. Адносна падаўжэньня санкцыяў Эўразьвязу да беларускіх чыноўнікаў, спадар Хэкер сказаў, што тут пакуль адказу няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства