viasna on patreon

Па факце зьбіцьця віцебскага актывіста БНФ узбуджаная крымінальная справа

2013 2013-02-04T16:36:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gudzilin-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Гудзілін.

Аляксей Гудзілін.

Пракурор Першамайскага раёну Віцебску, старшы дарадца юстыцыі Юры Раманоўскі, разгледзеўшы матэрыялы праверкі па факце прычыненьня цялесных пашкоджаньняў сябру партыі БНФ Аляксею Гудзіліну, прыняў пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле артыкулу 153 КК. Такая пастанова была прынятая пасьля заявы ў пракуратуру Віцебскай вобласьці старшыні віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніда Аўтухова з просьбай да пракурора ўзяць пад асабісты кантроль бесстароннасьць, апэратыўнасьць, паўнату і выніковасьць сьледча-вышуковых мерапрыемстваў праваахоўных ворганаў па выяўленьні і прыцягненьні да адказнасьці вінаватых. 

Нагадаем, сябра партыі БНФ Аляксей Гудзілін быў зьбіты 14 сьнежня 2012 году. На яго напалі двое невядомых мужчын магутнага целаскладу, якія вонкава і паводзінамі нагадвалі супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Адзін зь іх мімаходзь паказаў нейкі дакумэнт, падобны да пасьведчаньня праваахоўніка. Невядомыя сілай узялі актывіста пад рукі, падвялі да машыны, прымусілі сесьці ў салён, а самі разьмясьціліся па абодва бакі ад яго. У машыне таксама знаходзіўся кіроўца.

На пытаньні хлопца, што адбываецца, быў адказ: «Не хадзі ў БНФ і не займайся тымі рэчамі, што цябе ня тычацца, а то лезеш і ў тэлевізар, і ў газэты…» Пасьля гэтага той, хто сядзеў праваруч, двойчы ўдарыў актывіста кулаком у твар. З носа пацякла кроў. Зьбітага маладога чалавека нападнікі выкінулі з машыны, а самі зьніклі ў невядомым напрамку. У той самы дзень «Хуткая дапамога» даставіла Аляксея Гудзіліна ў абласны шпіталь, дзе лекарамі быў выстаўлены дыягназ «Закрыты пералом костак носу».

Як адзначаецца ў пастанове пракурора, справы наконт злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 153 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня), зьяўляюцца справамі прыватнага абвінавачаньня і ўзбуджаюцца асобамі, што пацярпелі ад злачынства. Аднак пракурор мае права таксама ўзбуджаць такога кшталту справы, нават пры адсутнасьці заявы пацярпелага, калі дзеяньні вінаватай асобы закранаюць істотныя інтарэсы дзяржавы і грамадзтва, законныя інтарэсы грамадзян. Менавіта з гэтага свайго права і скарыстаўся пракурор Юры Раманоўскі. Крымінальная справа для далейшага расьсьледаваньня накіраваная ў Першамайскі райаддзел Віцебску Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Віцебская Вясна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства