viasna on patreon

215 прадстаўнікоў дэмакратычных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў з усіх рэгіёнаў Беларусі зьвярнуліся з адкрытай заявай да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем належным чынам ушанаваць памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Курапатах.

2003 2003-08-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Курапаты — гэта сымбаль генацыду беларускага народу ў сталінскі час, — гаворыцца ў заяве на адрас Лукашэнкі, — і належнае ўшанаваньне памяці бязьвіных ахвяраў бальшавіцкага тэрору на Беларусі абсалютна неабходнае з пункту гледжаньня народнай традыцыі і агульначалавечай маралі”. Адсутнасьці ў Беларусі помніка ахвярам часу камуністычна-фашыстоўскай дыктатуры ёсьць блюзьнерствам, сваеасаблівай формай вандалізму, сьцьвярджаюць аўтары заявы.

“Вось чаму прагрэсіўная частка грамадзтва ўжо 15 гадоў патрабуе ад рэспубліканскага кіраўніцтва, у тым ліку ад Вас асабіста, Аляксандар Рыгоравіч, цывілізаванага вырашэньня гэтага пытаньня — хаця б простай аховай Курапатаў, уключаючы стварэньне вакол іх недатыкальнай зоны”, — гаворыцца ў заяве.

Як паведамляе Радыё Свабода, ініцыятарам звароту быў каардынацыйны камітэт “Гарадзенская ініцыятыва”. Пад заявай падпісаліся 215 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, працаўнікоў буйных прадпрыемстваў з Горадні, Магілёва, Берасьця, Гомелю, Віцебску, Менску, Шчучыну, Слоніму, Свіслачы, Ваўкавыску ды іншых гарадоў Беларусі. Збор подпісаў распачаўся некалькі месяцаў таму, калі паўстала пагроза пабудовы катэджнага пасёлку “Сонечны” блізу Курапатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства