Андрэй Савіных: Запыт Марэка Мігальскага перададзены ў кампетэнтныя органы
Запыт еўрадэпутата Марэка Мігальскага ў справе магчымасці наведання дэлегацыяй Еўрапарламента па справах Беларусі палітвязняў Мікалая Статкевіча і Змітра Дашкевіча ўжо трапіў у Міністэрства замежных спраў Беларусі і перададзены ў кампетэнтныя органы, - паведаміў прэс-сакратар ведамства Андрэй Савіных.
- Мы перадалі гэты запыт у кампетэнтныя органы, адказ будуць даваць яны.
РР: У якія органы?
- У кампетэнтныя. Гэта вельмі кампетэнтныя.
РР: Калі можна чакаць адказу?
- Калі яны палічуць патрэбным адказаць.
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі ініцыяваў акцыю салідарнасці з беларускімі палітвязнямі "Свабода х 2" - кандыдатам на пасаду прэзідэнта Міколам Статкевічам і лідарам Маладога Фронту Змітром Дашкевічам. У рамаках акцыі дэпутаты еўрапарламенту звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі з запытам пра магчымасці наведання і праверкі ўмоваў утрымання гэтых вязняў у турмах.