Алесь Пушкін: Дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і надалей
Вярхоўны суд адмовіў мастаку Алесю Пушкіну ў задавальненьні касацыйнай скаргі і пакінуў у сіле рашэньне суду Смаргонскага раёну, паводле якога мастак адбываў 10-сутачны адміністрацыйны арышт.
Судзьдзя Ленінскага раёну Менску Марына Запасьнік пастанавіла зьняволіць мастака Алеся Пушкіна на 12 сутак за несанкцыянаваную вулічную акцыю.
Плошча ці прошча — барыкадны ці духоўны супраціў? Госьцем «Вольнай студыі» — мастак Алесь Пушкін, які днямі выйшаў на волю пасьля 12 сутак у спэцізалятары на Акрэсьціна.
Смаргонскі раённы суд пакараў зьняволеньнем Алеся Пушкіна
і штрафамі яшчэ некалькі мастакоў за тое, што ў верасьні 2012
году яны прайшлі па вуліцы мястэчка з партрэтам Расьціслава
Лапіцкага — вядомага змагара паваеннага антысавецкага супраціву.
Алесь Пушкін безвынікова абскарджваў рашэньне пра сваё зьняволеньне
ў судах вышэйшых інстанцыяў.
4 лістапада ён накіраваў касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд, а перад
тым прайшоў па вуліцы да будынку суду з тым самым партрэтам
Расьціслава Лапіцкага. За гэта мастака затрымалі і рашэньнем суду
Ленінскага раёну зьняволілі яшчэ на 12 сутак.
Днямі Алесь Пушкін атрымаў адказ, што Вярхоўны суд разгледзеў ягоную скаргу
і пакінуў яе без задавальненьня.
Алесь Пушкін: «Гэткім чынам, трэба канстатаваць той факт, што будзіць памяць
пра бязьвінна рэпрэсаваных у Беларусі зьяўляецца адміністрацыйным
парушэньнем, якое цягне за сабой пакараньне.
Дзяржава, па сутнасьці, не прызнае тых бязьвінна рэпрэсаваных маладых
людзей, якія стаялі каля вытокаў незалежнасьці. Бо ў Расьціслава
Лапіцкага, да прыкладу, быў асноўны пасыл — „Жыве незалежная
Беларусь“.
Змагар за незалежнасьць Беларусі Расьціслаў Лапіцкі дзяржавай
не прызнаецца. А мастакі, якія будзяць памяць пра рэпрэсаваных,
перасьледуюцца ў адміністрацыйным парадку.
Восеньню паспрабуем падаць заяву ў Смаргонскі гарвыканкам
на правядзеньне выставы ў гонар Лапіцкага. Пра гэта
мы размаўлялі са старшынём райвыканкаму. Будзем зьбіраць усё, што
робім у гонар памяці Расьціслава Лапіцкага: партрэты, эскізы помнікаў,
турэмныя малюнкі і гэтак далей.
Калі дадуць у Смаргоні залю — выставім усё гэта. Калі не — то
бачна, што наладжваньне пэрфомансаў ці мастацкіх акцый цягне за сабой
адміністрацыйнае пакараньне. Навошта ж быць шматразова пакаранымі?
Але самае галоўнае, што я адчуў маральнае права канстатаваць факт: нашая
дзяржава — нэасталінская. Бо я ўбачыў рэакцыю дзяржавы
на мастакоў, якія будзяць памяць пра тыя жахлівыя падзеі недалёкай
гісторыі, якія адбываліся ва ўнутранай палітыцы дзяржавы — масавыя
рэпрэсіі.
Па-сутнасьці гэта зроблена таму, што дзяржава пакідае за сабой права
рэпрэсаваць і далей».