5 і 6 сакавіка на допыты па крымінальнай справе лідэраў незарэгістраванага “Маладога Фронта” Дзмітрыя Федарука і Алега Корбана выклікалі шасцярых “моладафронтаўцаў”
Кацярына Галіцкая, Алена Макарэвіч, Кацярына Краснова, Павал Драздоў, Кірыл Шымановіч і Алесь Віднікевіч выклікалі ў пракуратуру па справе, што была заведзеная 4 лютага супраць лідэраў МФ па абвінавачванні ў дзеяннях ад імя незарэгістраванай арганізацыі., паведаміла pahonia.promedia.by.
Следчых цікавілі асабістыя кантакты сведкаў з Дзмітрыем Федаруком і Алегам Корбанам і дзейнасць самой арганізацыі. Прэс-служба МФ адзначае, што маладых людзей выклікаюць у пракуратуру праз дэканаты навучальных устаноў.
Тым часам «моладафронтаўцы» рыхтуюцца да вулічных акцыяў у Дзень Волі - 25 сакавіка. Прэс-сакратар МФ Барыс Гарэцкі паведаміў, што «Малады Фронт» рыхтуе акцыі напярэдадні Дня Волі: выступіць у падтрымку прадпрымальнікаў 12 сакавіка, 15 сакавіка адзначыць Дзень Канстытуцыі, ды адзначыць паўгода зняволення Дзмітрыя Дашкевіча.