На памежным пераходзе “Брузгі” з’явіліся новыя спісы “палітычных”?
Увечары 7 лютага гарадзенскі публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, які вяртаўся маршрутным аўтобусам Беласток-Гародня, быў беспадстаўна затрыманы памежнікамі і прадстаўнікамі мытні пераходу “Брузгі”. Пасля таго, як у нешматлікіх пасажыраў забралі пашпарты, цэлую гадзіну да аўтобуса ніхто не падыходзіў. Кіроўцу толькі сказалі, што ў некага не ў парадку нешта з пашпартам. Потым на паўторны агляд аўтобуса зноў прыйшоў мытнік, які прапанаваў Уладзіміру Хільмановічу прайсці ў мытную залу, дзе адбыўся мытны дагляд яго рэчаў. Аўтобус тым часам быў адпушчаны. Пасля дагляду рэчаў Хільмановіч яшчэ гадзіну чакаў акту мытнага дагляду. Пасля гэтага яму аддалі пашпарт, пасадзілі на іншы аўтобус і ўрэшце праз больш чым дзве з паловай гадзіны прапусцілі праз мяжу.
Уладзімір Хільмановіч: “Цяжка сказаць, з чым звязана такое “абвастрэнне” пільнасці памежнікаў. Я езджу праз мяжу прыкладна раз у месяц і апошнім часам ніякіх праблем не было. Звычайна яны ўключаюць мяне, як і многіх іншых грамадскіх актывістаў, у спісы “нядобранадзейных” у час значных палітычных кампаній – выбараў і таму падобных. Магчыма, зараз у памежнікаў з’явіліся нейкія новыя спісы “палітычных”, але ж яны ніколі нічога не кажуць, “пераводзячы стрэлкі” на мытнікаў. Верагодна, што гэта такая дробная помста за маю праваабарончую і журналісцкую дзейнасць, бо ў сваіх артыкулах я часта крытыкую гарадзенскую ўладу, а можа проста нейкаму “галачкі” для справаздачы бракавала. У кожным разе ніякіх законных падставаў столькі мяне трымаць на мяжы ў іх не было”.