Алесь Бяляцкі піша ўспаміны пра стварэнне музея Максіма Багдановіча
Палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі плануе падрыхтаваць зборнік успамінаў пра літаратурны музей імя Максіма Багдановіча. Дырэктарам гэтага музея ён працаваў з 1989 па 1998 гады. Пра гэта ён напісаў жонцы Наталлі Пінчук у сваім лісце з калоніі №2 у Бабруйску.
Наталля Пінчук:
- Згадвае мінулую сваю працу, калі ён быў дырэктарам музея Багдановіча. І ў яго там узнікаюць новыя ідэі, ён піша, што ўсіх зараз падбівае пісаць успаміны пра музейнае жыццё. Напісаць і зрабіць такі агульны зборнік успамінаў. Усё ж добры кавалак жыцця там прайшоў. Ва ўсякім разе, ўсе людзі, якія там працавалі, пішуць і лічаць, што гэта зрабіць ім будзе нескладана.
Бяляцкі таксама паведаміў, што з вялікім задавальненнем атрымаў новую кнігу, складзеную з яго літаратуразнаўчых артыкулаў "Асвячоныя беларушчынай".
Ён нагадвае Наталлі Пінчук, што 4 лютага споўнілася паўтара года з моманту іх расставання. "Столькі ж я калісьці праслужыў у войску", - піша Бяляцкі.
Ён асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў зняволення па абвінавачванню ў нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Аднак за асабістыя прыбыткі, з якіх праваабаронца, па меркаванню следства, павінен быў плаціць падатак, былі выдадзены сродкі, якія Бяляцкаму не належалі, а былі прызначаны на праваабарончую дзейнасць і дапамогу ахвярам палітычнага пераследу.