«Справаводства па-беларуску!» просіць футбольныя клубы больш шырока ўжываць беларускую мову
Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Справаводства па-беларуску!» напярэдадні пачатку чэмпіянату Беларусі па футболу ў вышэйшай лізе звярнуліся да дванаццаці клубаў-удзельнікаў чэмпіянату з прапановай больш шырока ўжываць беларускую мову падчас арганізацыі, правядзення і асвятлення матчаў.
Каардынатар «Справаводства па-беларуску!» Ігар Случак нагадвае, што ў час мінулага чэмпіянату актывісты ўжо звярталіся з падобнай ініцыятывай да клубаў і атрымалі станоўчыя водгукі. Але іх рэалізацыя была адкладзена, матывуючы гэта тым, што сезон ужо пачаўся, і ўносіць нейкія змены ў арганізацыю альбо цяжка, альбо немагчыма. «Але нам было ад некаторых клубаў дадзена абяцанне, што ў новым сезоне нашы прапановы ў тым ці іншым выглядзе будуць падтрыманы. Зараз мы вырашылі нагадаць футбалістам аб іх слове, спадзяюся, яны яго стрымаюць», - адзначыў Ігар Случак.
Сярод іншага было прапанавана наносіць на форму футбалістаў іх прозвішчы па-беларуску, на роднай мове праводзіць гукавое суправаджэнне гульняў на дамашніх стадыёнах, зрабіць беларускамоўную версію сайтаў, праводзіць прэсавыя канферэнцыі па-беларуску, а таксама больш шырока ўжываць беларускую мову па-за гульнёй і ў стасунках з прэсай.
Таксама ў звароце да кіраўніцтва футбольных клубаў актывісты грамадзянскай ініцыятывы нагадалі, што футбол – гэта той спорт, які прыцягвае ў Беларусі найбольшую колькасць прыхільнікаў. «Але акрамя гэтага, гэта і той спорт, што мае прамы ўплыў на фарміравання патрыятычнага складу характару, любові да Радзімы, родных мясцін. Гэта той спорт, што гуртуе народ. А ў Беларусі гэты народ – беларусы, і мова гэтага народу - беларуская. У вас ёсць магчымасць уплываць на тое, каб беларускай мовы ў Беларусі было болей», - гаворыцца ў звароце.
Заяўнікі лічаць, што рэалізацыя іх прапаноў не прынясе затрат, але дазволіць не толькі падвысіць патрыятызм сярод беларусаў, пашырыць выкарыстанне беларускай мовы, але і падвысіць цікавасць да чэмпіянату, а гэта, ў сваю чаргу - больш прададзеных квіткоў і рэкламы – прамая выгада для клуба.