viasna on patreon

Хведар Нюнька: Неўязны на радзіму, бо адкрыта выступаю супраць рэжыму

2013 2013-02-12T14:20:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/khvedar-njunka.jpg
Хведар Нюнька

Хведар Нюнька

Кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Вільні не спадзяецца атрымаць адказ, чаму яму адмовілі ў візе ў Беларусь.

Сябра Прэзідыума Рады БНР, кіраўнік Таварыства беларускай культуры ў Вільні - легендарны Хведар Нюнька - даў інтэрв'ю «Салiдарнасцi».

Цяжка паверыць, што гэтаму моцнаму, рухомаму чалавеку з неверагодна жывымі вачыма ў гэтым годзе споўніцца 85. Фёдар Нюнька з 1943 года жыве ў Вільні, але застаўся беларусам. Дзякуючы яго намаганням у Вільні ўстаноўленыя помнікі на магілах беларускіх дзеячаў, адкрытыя мемарыяльныя дошкі Францыску Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Янку Купалу і іншым знакамітым суайчыннікам. У канцы мінулага года Хведару Нюньке адмовілі ў выдачы ўязной візы ў Беларусь.

- Некалькі дзён таму я сустракаўся з амбасадарам Беларусі ў Літве Дражыным, але мы з ім не размаўлялі. Гэта адбылося на адкрыцці мемарыяльнай дошкі Янку Купалу, - распавядае суразмоўца. - Аб'яднанне беларусаў свету «Бацькаўшчына» звярнулася ў Міністэрства замежных спраў, каб яны патлумачылі, чаму мне адмовілі ў візе. Я думаю, што адказу не будзе.

Сам Нюнька лічыць, што яго зрабілі неўязным на радзіму за тое, што ён адкрыта выступае супраць рэжыму і стаіць на пазіцыях радыкальных пераменаў, якія павінны адбыцца ў Беларусі, каб яна стала еўрапейскай краінай, а не ізгоем перад усім светам, як гэта адбываецца сёння.

- Па праўдзе, я не вельмі і хачу мець магчымасць ездзіць і глядзець на тое, што цяпер робіцца ў Беларусі, - кажа Хведар Нюнька. - Але гэта ненармальна, улічваючы, што 24 гады я працую толькі для Беларусі, для аднаўлення беларускай спадчыны ў Вільні. Але я не перажываю. Веру ў лепшую будучыню, хоць, вядома, сітуацыя ў Беларусі, як ніколі, небяспечная. Няма ўпэўненасці ў тым, што можна захаваць незалежнасць, свабоду пры тых адносінах, якія існуюць паміж Лукашэнкам і Пуціным. Я маю на ўвазе рэжым у Расеі, які па сутнасці ў нейкай ступені капіюе тое, што адбываецца ў Беларусі.

На жаль, рэжым у нашай краіне залежыць ад Расеі. Беларусы настолькі пасіўна сябе вядуць, настолькі яны запалоханыя... Пазняк правільна сказаў: «Што можа быць горш рабства? Толькі вайна. Але нават вайна - гэта лепшы варыянт, чым рабства». Колькі беларусаў пацярпелі за свае погляды, трапілі ў турмы, якія знаходзяцца пад наглядам міліцыі і КДБ. На акцыі ў іх падтрымку прыходзяць адзінкі. І гэта ў двухмільённым Менску, дзе павінны выходзіць дзесяткі тысяч! Гонару нам гэта не робіць. Атрымліваецца, што як народ, як нацыя мы знаходзімся на стадыі станаўлення.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства