viasna on patreon

Справы зніклых не павінны быць спісаныя ў архіў

2013 2013-02-12T18:09:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zniklyia-agp.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Гары Паганяйла на круглым стале па праблемах зніклых палітыкаў

Гары Паганяйла на круглым стале па праблемах зніклых палітыкаў

Следства па справе зніклых палітыкаў, якое працягвалася амаль 14 год, так і не ўстанавіла ні акалічнасцей іх знікнення, ні вінаватых у гэтым. Між тым, тэрмін даўніны па гэтых справах заканчваецца праз год. Пасля 2014 года ўлады могуць са спакойным сумленнем заявіць аб тым, што “мы зрабілі ўсё магчымае, аднак целы зніклых не знойдзеныя, а вінаватыя не ўстаноўленыя”.

12 лютага прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх рухаў і праваабарончых арганізацый сабраліся разам, каб выпрацаваць адзіную тактыку дзеянняў, якая б не дазволіла пакласці пад сукно справы таемных распраў над былым міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам, палітыкам Віктарам Ганчаром, прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім, журналістам Дзмітрыем Завадскім. Афіцыйна пра іх лёс нічога невядома. Паводле неафіцыйных звестак, яны сталі ахвярамі "эскадрону смерці".

Юрыст Гары Паганяйла праінфармаваў удзельнікаў круглага стала “Справы зніклых – без тэрміну даўніны” аб тым, што сваякі зніклых і іх афіцыйныя прадстаўнікі падрыхтавалі хадайніцтва на імя Генеральнага пракурора Беларусі аб працягненні тэрмінаў расследавання па гэтых справах. Аднак гэта толькі маленькая кропля той працы, якую патрэбна зрабіць, каб устанавіць ісціну.

“Трэба аднавіць усе магчымыя юрыдычныя і палітычныя інструменты, каб прымусіць улады нешта рабіць, ці ў адваротным выпадку яскрава паказаць грамадству, што ўлады па вушы ў лайне”- сказаў Паганяйла.

Пад час абмеркавання ўдзельнікі сустрэчы выносілі разнастайныя прапановы наконт далейшых крокаў у  гэтым накірунку. Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што толькі прававымі механізмамі цяжка нечага дасягнуць; трэба апеляваць розумамі людзей, каб змяніць стаўленне грамадства да тэмы зніклых палітыкаў, мяняць сітуацыю ў краіне, мяняць імідж самой апазіцыі.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч вылучыў 3 асноўныя блокі дзеянняў:

першы: прававыя дзеянні ў межах нацыянальнага заканадаўства;

другі: міжнародныя дзеянні, уключаючы зварот і прадстаўленне поўнай і дакладнай інфармацыі спецдакладчыку Рады ААН па Беларусі Міклашу Харашці, а таксама іншыя інструменты, уключаючы і Камітэт па правах чалавека ААН;

трэці: інфармацыйны, які павінен быць скіраваны на працу з грамадствам і фарміраванне грамадскай думкі на сучасным узроўні.

Сярод іншых прапановаў, якія прагучалі пад час абмеркавання, была ўхвалена падрыхтоўка нацыянальнага дакладу па праблеме зніклых і яго шырокая прэзентацыя, стварэньне прафесійных дакументальных  фільмаў, шырокі збор подпісаў праз гэтак званыя электронныя петыцыі.

Свае канструктыўныя прапановы ўносілі сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі “Справядлівы свет” Валерый Ухналёў, грамадскі актывіст і гісторык Вацлаў Арэшка.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які выступіў у якасці ініцыятара і гаспадара сустрэчы, заклікаў выпрацаваць агульную канцэпцыю дзеянняў, уключыць у яе ўсе прапановы, якія прагучалі, ды пачаць неадкладныя кансалідаваныя дзеянні. “Гэтая ініцыятыва адкрытая для іншых партый і аб’яднанняў, хто не на словах можа і хоча дапамагчы нам у праблеме гвалтоўных знікненняў” – падкрэсліў палітык.

Справы зніклых не павінны быць спісаныя ў архіў, ні праз год, ні праз дзесяць. Для грамадства ў іх не можа быць тэрміну даўніны, нават праз 15 год.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства