Камісар Савета Еўропы: Беларускія праваабаронцы маюць патрэбу ў падтрымцы
12 лютага Камісар Савета Еўропы па правах чалавека сп. Нілс Муйжніекс выступіў з заявай у падтрымку беларускіх праваабаронцаў, заклікаючы ўсе краіны Савета Еўропы быць больш актыўнымі і больш лагічнымі ў сваёй палітыцы ў дадзеным напрамку.
Тэкст заявы, апублікаваны на сайце Савета Еўропы:
Беларускія праваабаронцы
маюць патрэбу ў падтрымцы
Беларусь
не з'яўляецца дзяржавай - удзельніцай Савета Еўропы і не павінна нават
разглядацца як кандыдат, пакуль яна не вызваліць усіх праваабаронцаў і
актывістаў апазіцыі, зняволеных па палітычных матывах, не адменіць смяротнае
пакаранне і не правядзе маштабных дэмакратычных рэформаў. Гэта
азначае, што Беларусь у цяперашні час не з'яўляецца суб'ектам юрысдыкцыі
Еўрапейскага суда па правах чалавека; большасць маніторынгавых механізмаў, а
таксама мой Офіс не рыхтуюць даклады ў дачыненні да гэтай краіны. Аднак
гэта не вызваляе Савет Еўропы і яго дзяржаваў - удзельніц ад неабходнасці
праяўляць актыўную цікавасць да Беларусі, устрымлівацца ад якіх-небудзь
дзеянняў, якія маглі б нанесці шкоду беларускім праваабаронцам, а таксама
імкнуцца аказваць падтрымку правам чалавека ў гэтай краіне.
"Не
нашкодзь"
Першы
прынцып, які трэба памятаць - гэта "не нашкодзь". Іншымі
словамі, дзяржавы - удзельніцы Савета Еўропы не павінны супрацоўнічаць з
беларускімі ўладамі ў якіх-небудзь дзеяннях, якія могуць паставіць пад пагрозу
фізічную цэласнасць і бяспеку беларускіх праваабаронцаў. На
жаль, некаторыя структуры ў дзяржавах – удзельніцах Савета Еўропы не заўсёды выконвалі гэты
прынцып. Варта
нагадаць, што арышт, судовы пераслед, прысуд і турэмнае зняволенне бачнага
праваабаронцы Алеся Бяляцкага сталі магчымыя, дзякуючы інфармацыі,
прадстаўленай Літвой і Польшчай аб банкаўскіх рахунках на імя Бяляцкага ў гэтых
краінах. Паведамлялася
таксама, што супрацоўніцтва з Беларуссю праз Інтэрпол можа прывесці да рызыкаў
для дзеячаў грамадзянскай супольнасці.
Знешні
свет можа нанесці шкоду справе правоў чалавека і ў тым выпадку, калі заявы
будуць непаслядоўныя, або ў кантактах з беларускім рэжымам будуць гучаць розныя
галасы. Прытым
што некаторыя вонкавыя сілы заклікаюць да санкцый, іншыя працягваюць весці
актыўныя справы з Беларуссю. Відавочна,
што такія змешаныя сігналы і адмова ад падыходу, заснаванага на каштоўнасцях,
на карысць падыходу, заснаванага на рэалпалітык, даюць уладам у Мінску значнае
поле для манеўру і дазваляюць ім сутыкаць паміж сабой розных удзельнікаў, што
не ідзе на карысць праваабаронцам Беларусі.
Дэманстраваць
салідарнасць і аказваць падтрымку
Дзяржавы
- удзельніцы Савета Еўропы павінны дэманстраваць салідарнасць з
праваабаронцамі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, не толькі падымаючы звязаныя з
падобнымі выпадкамі пытанні ў шматбаковых і двухбаковых кантактах, але і выдаючы
тэрміновыя візы, а калі неабходна - і палітычны прытулак, праваабаронцам і іх
сем'ям, якія маюць патрэбу ў
абароне ад пагроз, запалохвання і пераследу з боку беларускіх уладаў. Варта
разгледзець магчымасць стварэння цэнтральнага кантактнага пункта, у які змогуць
звяртацца беларусы, якія знаходзяцца пад пагрозай. Было
б лагічна размясціць такі кантактны пункт у суседніх краінах.
Многія
беларускія НДА адкрылі свае офісы ў літоўскай сталіцы Вільні, размешчанай
бліжэй да Мінска, чым многія беларускія правінцыйныя гарады. Вільнюс
прымае таксама ў сябе Беларускі гуманітарны ўніверсітэт - цэнтр вальнадумства,
чыя дзейнасць у Беларусі ва ўмовах рэпрэсій стала немагчымай. Студэнтаў,
якіх выключылі з універсітэтаў за палітычную дзейнасьць у Мінску, цяпер
прымаюць у Вільні. Яшчэ
адна годная ініцыятыва - гэта тэлевізійная станцыя Белсат, размешчаная ў
Польшчы, якая перадае на Беларусь навіны і інфармацыю без цэнзуры.
І
іншыя еўрапейскія краіны павінны працягваць падтрымліваць беларускія
праваабарончыя арганізацыі і саміх праваабаронцаў шляхам фінансавання іх
дзейнасці і забеспячэння ўдзелу ў розных знешніх мерапрыемствах і навучальных
курсах. Праваабаронцы
і арганізацыі ў іншых еўрапейскіх краінах павінны наладжваць партнёрскія сувязі
са сваімі калегамі ў Беларусі ў рамках сумесных праектаў. Напрыклад,
Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні - сетка беларускіх
праваабарончых арганізацый - з'яўляецца эфектыўнай платформай для сумесных
дзеянняў у падтрымку дзейнасці праваабаронцаў.
Роля
Савета Еўропы
Савет
Еўропы і яго дзяржавы-удзельніцы павінны нарошчваць намаганні для таго, каб
павышаць узровень інфармаванасці аб стандартах, інструментах і механізмах
Савета Еўропы, у тым ліку шляхам арганізацыі мерапрыемстваў у краіне, калі гэта
ўяўляецца магчымым. Сама
Беларусь хацела б пашырыць сваё супрацоўніцтва з Саветам Еўропы, і некаторыя
канвенцыі адкрытыя для падпісання і дзяржавамі, якія не з'яўляюцца сябрамі
арганізацыі. Беларусь
ужо далучылася да антыкарупцыйнага механізму Савета Еўропы і знаходзіцца ў
працэсе далучэння да механізму па барацьбе з гандлем людзьмі. Добрым
працягам было б далучэнне Беларусі да Еўрапейскай канвенцыі аб папярэджанні
катаванняў і бесчалавечнага або зневажаючага годнасць абыходжання або
пакарання, што дазволіць экспертам Камітэта па папярэджанні катаванняў мець
рэгулярны доступ да месцаў зняволення ў Беларусі, у тым ліку і да зняволеных у
турмах праваабаронцаў.
Важна
таксама, каб і экспертны орган Савета Еўропы па канстытуцыйным праве -
Венецыянская камісія - і далей ўдзельнічала ва ўсіх формах супрацоўніцтва. Венецыянская
камісія ўжо прыняла заключэнне па заканадаўстве ў Беларусі, якое абмяжоўвае
свабоду асацыяцый і сходаў. Калі
Беларусь жадае працягваць гэтае супрацоўніцтва, то Венецыянская камісія магла б
прадаставіць дадатковыя заключэнні па заканадаўстве Беларусі ў галіне правоў
чалавека. Добрым
паказчыкам сур'ёзнасці намераў Беларусі праводзіць рэформы было б тое, у якой
ступені гэтая краіна будзе прытрымлівацца гэтых заключэнняў.
Канферэнцыя
міжнародных няўрадавых арганізацый і Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы
таксама адыгралі сваю канструктыўную ролю ў тым, каб прыцягнуць увагу
еўрапейскай грамадзянскай супольнасці і парламентаў да становішча беларускіх
праваабаронцаў, у тым ліку праз слуханні, даклады і іншыя мерапрыемствы. І
гэтыя ініцыятывы заслугоўваюць дадатковай увагі і падтрымкі з боку ўрадаў
дзяржаў - удзельніц.
Погляд
у будучыню
Я
спадзяюся, што настане дзень, калі Алесь Бяляцкі і іншыя несправядліва
зняволеныя ў турму праваабаронцы і актывісты апазіцыі будуць вызваленыя, прычым
не толькі з турмы, але і ад пагрозаў паўторнага арышту толькі за тое, што яны
выказваюць сваё меркаванне і мірна выступаюць у абарону дэмакратыі . Я
з нецярпеннем чакаю таго дня, калі становішча з правамі чалавека ў Беларусі
палепшыцца настолькі, што дасць магчымасць кіраўніцтву гэтай краіны ўвесці яе ў
Савет Еўропы. А
пакуль гэты дзень не надышоў, на ўсіх нас ляжыць адказнасць за тое, каб не
нашкодзіць, але садзейнічаць захаванню правоў чалавека ў Беларусі любым
даступным нам спосабам.