Грамадска-палітычнай тэлепраграмы ў Віцебску не будзе
Старшыня Віцебскай абласной рады Партыі БНФ Леанід Аўтухоў звярнуўся да дырэктара тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Анатоля Камовіча з прапановай стварыць новую тэлеперадачу грамадска-палітычнай накіраванасці. Аднак у адказ А.Камовіч даслаў ветлівую адмову, спаслаўшыся на недахоп фінансавання.
На думку Л.Аўтухова, падобная праграма на тэлебачанні цалкам адпавядала б прадэклараванаму праву на свабодны доступ да інфармацыі, якое нібыта існуе з Беларусі. Кіраўнік абласной партыйнай структуры лічыць, што грамадзянам краіны не хапае такой праграмы, у якой прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў маглі б выказаць свае пазіцыі ды абмеркаваць мясцовая праблемы твар у твар з запрошанымі службовымі асобамі розных узроўняў…
" Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не запланавана з прычыны недахопу фінансавых сродкаў», -- гаворыцца ў лісце за подпісам дырэктара ТРК «Віцебск».
Між тым такой праграмы на віцебскім тэлебачанні не было ні летась, ні пазалетась, ні 10 гадоў таму. І не з фінансавых прычынаў, а з ідэалагічных – калі "апазіцыю" нізавошта не хочуць паказваць тэлегледачам, мяркуе Л.Аўтухоў.