viasna on patreon

Старшыню Быхаўскага райвыканкама здзівіў заробак даярак

2013 2013-02-15T17:08:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/byhau-dajarki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Калееў і старшыня мясцовага райсавета днямі пабывалі з інспекцыйнай паездкай на жывёлагадоўчых аб’ектах філіала “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансерва-гародненасушыльны завод”.

Падчас наведвання фермы “Мокрае” гэтага сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Калееў сустрэўся з даякамі і пацікавіўся ў іх, “ ці атрымліваюць яны годную ўзнагароду за сваю працу”, паведамляе інтэрнэт-сайт газеты “Маяк прыдняпроўя”.

Даяркі азнаёмілі старшыню райвыканкама з памерам сваіх заробкаў: “яны панаракалі, што заробак у іх невысокі, 1300-1800 тысяч рублёў, а працаваць даводзіцца шмат”.

Кіраўнік раённай вертыкалі на зварот даярак змог толькі падкрэсліць, “што задача кіраўнікоў гаспадарак зацікавіць працаўнікоў у добрасумленным выкананні сваіх абавязкаў, працы на вынік, атрыманні імі годнай зарабатнай платы”.

Вельмі сумна, што кіраўнік Быхаўскага раёна не ведае аб сапраўдных заробках даярак у падначаленых яму сельгаспрадпрыемствах і не можа адказаць канкрэтна, калі яго падвысяць хоць бы да мінімальнага ўзроўню, прадугледжанага беларускім заканадаўствам. Да таго ж для працаўнікоў вёскі не з’яўляецца сакрэтам, што часцяком у сельгаспрадпрыемствах даяркі вымушаны працаваць з парушаным графікам выходных і ненармаваным працоўным днём, працягласць іх працоўнага часу значна перавышае устаноўленую беларускім заканадаўствам норму.

Неабходна адзначыць, што філіал “Макранскі” ААТ “Быхаўскі кансерва-гародненасушыльны завод” лічыцца ў Быхаўскім раёне далёка не горшай гаспадаркай.

Нагадаем, што наш сайт днямі ўжо распавядаў пра тое, што ў іншай гаспадарцы Быхаўскага раёна – СВК “Валадарскага” – даяркі былі вымушаны красці малако, каб пракарміць дзяцей. Там даяркі за сваю нялёгкую працу таксама атрымліваюць заробак у памеры 1300-1600 тысяч рублёў.

Нагадаем, што з 1 лютага мінімальны спажывецкі бюджэт у Рэспубліцы Беларусь складае 1 457 850 рублёў, з 1 студзеня 2013 года мінімальны заробак у нашай краіне вызначаны ў памеры 1 395 000 рублёў.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства