Магілёўскі абласны суд не зняў з прафуліку КДБ Алега Аксёнава
У сувязі з гэтым актывіст аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” рыхтуе скаргу на імя старшыні абласнога суда.
“Я буду дамагацца таго, каб мяне знялі з прафуліку КДБ, на які мяне паставілі па надуманных прычынах супрацоўнікі дадзенай установы. Буду абскарджваць рашэнні мясцовых судоў да самога Вярхоўнага суда”, - кажа Алег Аксёнаў.
Праваабаронца Барыс Бухель гаворыць, што суд доўжыўся паўтары гадзіны і па яго выніках суддзя Святлана Стальмахова, якая старшынствавала падчас пасяджэння сказала, што скарга не задаволена, і рашэнне суддзі Юрчанкі з Ленінскага суда Магілёва правамоцнае. Аргументаваць чаму суд прыняў такое рашэнне суддзя не стала.
“Прычын, па якіх рашэнне аб пастаноўцы на прафулік у КДБ з’яўляецца незаконным, як мінімум тузін. Аднак, самая галоўная з іх заключаецца ў тым, што КДБ выйшаў за межы сваіх паўнамоцтваў і ўсе аператыўныя матэрыялы УКДБ па “справе Аксёнава” атрыманы незаконна. Гэтаксама і незаконным з’яўляецца сам артыкул 1931 Крымінальнага Кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі ці партыі”, - гаворыць Барыс Бухель.
Нагадаем, што 22 кастрычніка 2012 года Алег Аксёнаў быў выкліканы па мабільнаму тэлефону ў КДБ на размову. Там яму паведамілі, што яго ставяць на прафілактычны ўлік. Нагодай для гэтага стала дзейнасць актывіста ад імя незарэгістраванай арганізацыі – аргкамітэта партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Падчас знаходжання ў КДБ Алег Аксёнаў не падпісваў ніякіх дакументаў.
Варта дадаць, што ў Магілёве акрамя Алега Аксёнава на прафілактычным уліку КДБ знаходзіцца яшчэ два актывісты – гэта кіраўнік Магілёўскай абласной партыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў і лідэрка Магілёўскага гарадскога аргкамітэта БХД Тацяна Шамбалава.