Ліда: суд за ўскладанне кветак на месцы пахавання ксяндза Адама Фалькоўскага
На Гарадзеншчыне пачата чарговая адміністрацыйная справа за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года. На гэты раз абсурднай рэпрэсіўнасцю вырашылі вызначыцца лідскія ўладныя органы. У сераду, 20 лютага, у Лідзе адбудзецца суд над Аляксандрам Калышкам, старшынёй грамадскага аб’яднання “Польскай культуры зямлі Лідскай”. Яго вінавацяць у нібыта арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Уся “віна” сяброў зарэгістраванай грамадскай арганізацыі насамрэч палягае ў тым, што яны ўсклалі кветкі і запалілі знічкі на месцы пахавання ксяндза Адама Фалькоўскага.
Памятнае месца, дзе царскія ўлады забілі і пахавалі святара, знаходзіцца зараз у гарадскім лідскім парку. Неаднаразова гэтая магіла была нішчылася сучаснымі ўладамі, але людзі яе аднаўлялі. Святар Адам Фалькоўскі быў расстраляны 24 чэрвеня 1863 году расійскімі карнікамі за чытанне маніфесту паўстання ў вёсцы Ішчална (цяпер Шчучынскі р-н). Лідскія грамадскія актывісты традыцыйна ўшаноўваюць гэтую асобу, зрабілі яны гэта і цяпер у час 150-ых угодкаў з часу вызвольнага чыну 1863 году.
Гарадзенскія праваабаронцы мяркуюць, што чарговы раз парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзянаў, улады Гарадзеншчыны апошнім часам неадэкватна рэагуюць на кожную праяву ўшанавання памяці продкаў і беспадстаўна караюць грамадскіх актывістаў арыштамі і штрафамі.