У Магілёве памочніка пракурора дэпрэміравалі за непрафесіяналізм, а потым прызналі "Лепшым па прафесіі"
Магчыма такім чынам улады спрабуюць кампенсаваць сваім
супрацоўнікам раней панесеныя, у сувязі з іх некампетэнтнасцю, грашовыя страты.
Адміністрацыя Ленінскага раёна Магілёва падвяла вынікі раённага спаборніцтва за
званне "Лепшы па прафесіі". Ганаровым званнем з уручэннем дыплома і
грашовай прэміі ў памеры пяці базавых велічынь быў узнагароджаны і памочнік
пракурора Ленінскага раёна Кірыл Абрамаў.
Як стала вядома, гэты супрацоўнік у канцы 2012 года быў дэпрэміраваны за
няякасна праведзеную праверку па факце пісьмовых зваротаў непаўнагадовых дзяцей
грамадскай актывісткі Наталлі Шкадун ў камісію па справах непаўналетніх (КСН). Тады
адказы на свае пісьмовыя звароты з КСН атрымалі толькі двое з трох звярнуўшыхся
туды дзяцей. Пасля гэтага Наталля Шкадун звярнулася ў пракуратуру Ленінскага
раёна з просьбай правесці праверку па факце парушэння арт.9 Закона Рэспублікі
Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", аднак памочнік
пракурора Кірыл Абрамаў не пабачыў парушэння дадзенага закона.
Пазней грамадская актывістка напісала зварот у Магілёўскую абласную
пракуратуру, якая правяла праверку і ўстанавіла парушэнне Закона аб звароце
грамадзян. У выніку Кірыл Абрамаў быў дэпрэміраваны, а ў дачыненні да намесніка
старшыні КСН адміністрацыі Ленінскага раёна Вольгі Шупікавай была ўзбуджана
дысцыплінарная вытворчасць.
Нагадаем, што прычынай звароту ў КСН непаўнагадовых дзяцей Наталлі Шкадун сталі
нездавальняючыя ўмовы іх пражывання. Рамонт у двух атрыманых сям'ёй Шкадун
кватэрах не завершаны будаўнікамі да гэтага часу. У іх на дадзены момант
пражываць немагчыма - там нізкая тэмпература, масы недаробак і горы будаўнічага
смецця.
Сама Наталля Шкадун чакае чарговага суда. Жанчына судзіцца з будаўнічай
арганізацыяй, якая пабудавала дом і не завершыла ўнутраныя аддзелачныя работы,
якія прадугледжаны дамовай. На дадзены момант эксперты зрабілі агляд кватэры і рыхтуюць
сваё заключэнне.
Варта адзначыць, што атрымання двух трохпакаёвых кватэр Наталля Шкадун
дамаглася пасля галадоўкі ў 2010 годзе. Пасля грамадскага рэзанансу вырашыць
пытанне з шматгадовым непрадастаўленнем жылля шматдзетнай сям'і Шкадун, у якой
пяцёра дзяцей, узяўся кіраўнік гарвыканкама Станіслаў Барадаўка. Сям'і таксама
была адкрыта ў банку крэдытная лінія для будаўніцтва жылля.