Аршанскі дэпутат даў несапраўдны нумар тэлефона жадаючым задаць яму пытанні
Сапраўдны шок перажылі жыхары Оршы і Аршанскага раёна, якія захацелі патрапіць на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Аршанскай Дняпроўскай акрузе № 27 Уладзіміра Дзедушкіна, былога старшыні Аршанскага райвыканкама.
На днях мясцовая "Аршанская газета" размясціла аб'яву, што 18 лютага ў лакаматыўным дэпо Оршы дэпутат Дзедушкін будзе весці прыём выбаршчыкаў. А папярэдне запісацца на гэты самы прыём можна ў яго памочніка Алены Чумачэнка па тэлефоне ў Оршы 21-01-31.
Некалькі жыхароў акругі выказалі жаданне пабываць на прыёме ў дэпутата, спадзеючыся вырашыць шэраг актуальных для выбаршчыкаў пытанняў. І патэлефанавалі па указаным у газеце нумары тэлефона.
Якое ж было здзіўленне тых, хто тэлефанаваў, калі высветлілася, што гэты тэлефон належыць жыхарцы Оршы Галіне Л., якая пражывае па вуліцы Міра і зусім не знаёмая ні з самім дэпутатам Дзедушкінымым, ні з яго памочнікам Аленай Чумачэнка, а таму ніякага запісу на прыём весці не можа.
Абураныя аршанцы на прыём да дэпутата Дзедушкіна так і не патрапілі. Па іх словах, з такім падманам ім раней сутыкацца яшчэ не даводзілася.