Магілёўская абласная кааліцыя дэмакратычных сіл падтрымала “Хвалю салідарнасці”
Магілёўскія дэмакраты падтрымліваюць ініцыяваную аргкамітэтам па стварэнні партыі БХД кампанію ў абарону палітвязняў “Хваля салідарнасці” і прымуць актыўны ўдзел у акцыях у я межах. Адпаведнае рашэнне прынята на пашыраным выканкаме Рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл вечарам 19 лютага ў Магілёве.
Пытанне аб падтрымцы “Хвалі салідарнасці” з беларускімі палітвязнямі было вынесена на разгляд выканкама Рады абласной кааліцыі па прапанове сябра аргкамітэта па стварэнні партыі БХД з Магілёва Алега Аксёнава і аднагалосна падтрымана сябрамі выканкамама. Мерапрыемствы ў межах “Хвалі салідарнасці” пройдуць у Магілёве 21 лютага, удзел у іх прымуць прадстаўнікі абсалютнай большасці дэмакратычных палітычных партый і грамадскіх арганізацый Магілёўшчыны.
Потым акцыі ў межах “Хвалі салідарнасці” з беларускімі палітвязнямі адбудуцца ў іншых гарадах Магілёўскай вобласці – 7 сакавіка ў Асіповічах і 12 сакавіка ў Бялынічах.
На выканкаме Рады абласной кааліцыі было абмеркавана пытанне падрыхтоўкі да адзначэння свята 25-га сакавіка ў Магілёве. Было вырашана ў гэты святочны дзень правесці цэлы шэраг разнастайных мерапрыемстваў. Кульмінацыяй Дня волі ў Магілёве будзе ўскладанне кветак ад дэмакратычнай грамадскасці да будынка (цяпер гэта краязнаўчы музей), дзе ў 1918 годзе на сходзе прадстаўнікоў арганізацый горада Магілёва было ўхвалена абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Таксама да Дня волі будзе падрыхтаваны спецвыпуск газеты “Магілёўскі Выбар”, прысвечаны гэтай знамянальнай падзеі. Выканкам вырашыў даслаць ад імя Магілёўскай абласной кааліцыі дэмакратычных сіл віншавальныя паштоўкі са святам 25-га сакавіка ўсім беларускім палітвязням.
На выканкаме быў разгледжаны яшчэ цэлы шэраг разнастайных пытанняў, у тым ліку аб падрыхтоўцы правядзення абласной канферэнцыі прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый Магілёўшчыны.
Прысутныя на паседжанні ўшанавалі хвілінай маўчання памяць адыйшоўшых з жыцця 18 і 19 лютага выбітных сяброў дэмакратычных арганізацый Магілёўшчыны Аляксандра Шчарбака і Васіля Старавойтава.