Калегі, неабходна наша салідарнасць!
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), якая не аднойчы выступала ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, сёння звяртаецца да нас з заклікам падтрымаць Набіла Раджаба, нашага калегу з Бахрэйна, пазбаўленага волі за выступы ў абарону права на мірныя сходы.
Прэзідэнт Бахрэйнскага цэнтра за правы чалавека (БЦПЧ) і Цэнтра за правы чалавека ў Затоцы (ЦПЧЗ), намеснік генеральнага сакратара FIDH Набіл Раджаб адбывае двухгадовы тэрмін зняволення ў турме «Джо». 11 снежня 2012 года Апеляцыйны суд Бахрэйна пацвердзіў вынесены Раджабу прысуд па абвінавачванні ў арганізацыі і ўдзеле ў трох несанкцыянаваных мірных сходах.
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў - сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) - па выніках маніторынгу судовага працэсу прыйшла да высновы, што арышт Набіла Раджаба і вынясенне яму абвінаваўчага прысуду - наглядны прыклад нічым не прыхаванага свавольства ўладаў, якія паставілі сваёй мэтай пакараць непажаданага ім актывіста за яго праваабарончую дзейнасць. Спадар Раджаб і раней падвяргаўся пераследу за свае спробы прыцягнуць увагу ўсяго свету да фактаў абуральнага парушэння правоў чалавека ў Бахрэйне, асабліва пасля таго, як у лютым 2011 года па краіне пракацілася хваля масавых выступаў пратэсту. З гэтай мэтай праваабаронца выкарыстоўваў сацыяльныя сеткі Twitter і Facebook, іншыя сродкі масавай інфармацыі, а таксама прымаў удзел у мірных сходах і акцыях грамадскасці.
«Суд над спадаром Раджабам наглядна прадэманстраваў дзеючыя ў Бахрэйне палітыку і практыку крыміналізацыі спробаў ажыццяўлення грамадзянамі права на свабоду асацыяцыяў, выказвання і мірных сходаў, імкненне ўладаў гэтай краіны прымусіць замаўчаць праваабаронцаў і ўсіх іншадумцаў», - заявіў Джэральд Стэйброк, генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT).
У перыяд з верасня па снежань 2012 года супрацоўнікі Абсерваторыі чатыры разы прыязджалі ў Манаму з мэтай правядзення ў якасці назіральнікаў маніторынгу судовага працэсу над Раджабам. Справаздача аб гэтых паездках наглядна дэманструе, што на стадыі апеляцыйнай вытворчасці па яго справе былі дапушчаныя грубыя парушэнні міжнародных нормаў у галіне справядлівага судаводства. «Увесь працэс цалкам - з моманту яго арышту і падчас наступнага ўтрымання ў зняволенні, суда над ім і асуджэння - меў шмат грубых парушэнняў правоў чалавека», - адзначае Прэзідэнт FIDH Суэр Белхасен.
Набіл Раджаб быў арыштаваны першы раз 9 ліпеня 2012 года за ўдзел у студзені, лютым і сакавіку 2012 года ў «незаконных» сходах, падчас якіх, па сцвярджэнні уладаў, шэраг удзельнікаў прымянілі гвалт. Падчас названых сходаў раздаваліся заклікі вызваліць праваабаронцаў і палітычных актывістаў, пакласці канец засіллю карупцыі ў краіне, пачаць працэс палітычных і эканамічных рэформаў і дамагчыся справядлівага размеркавання нацыянальных багаццяў, гучалі таксама патрабаванні спыніць парушэнні правоў чалавека і адмовіцца ад практыкі прымянення катаванняў.
Хоць улады Бахрэйна не раз прымалі на сябе абавязацельствы прытрымлівацца рэкамендацый дзеючай у гэтай краіне Незалежнай камісіі па расследаванні, уключаючы і тое, што тычыцца вызвалення палітычных зняволеных, Набіл Раджаб працягвае заставацца за кратамі, дзе яго, у адрозненне ад большасці астатніх вязняў сумлення, трымаюць разам са звычайнымі крымінальнікамі.
Праваабарончы цэнтр "Вясна", сяброўская арганізацыя FIDH, звяртаецца да ўсіх беларускіх праваабаронцаў з просьбай далучыцца да руху салідарнасці. Тым самым мы падтрымаем і нашага беларускага калегу-палітвязня Алеся Бяляцкага, які з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам FIDH і міжнародная дзейнасць якога заўсёды была скіраваная на ўмацаванне салідарнасці праваабаронцаў як такой. Знаходзячыся ў няволі, Алесь Бяляцкі сёння не можа прыняць асабісты ўдзел у гэтай акцыі салідарнасці. Але кожны з нас здольны падтрымаць яго Справу Салідарнасці!
Каб прыняць удзел у акцыі, як асобныя праваабаронцы, так і арганізацыі могуць зрабіць некалькі фотаздымкаў з партрэтам Набіла Раджаба і даслаць іх на электронны адрас viasna@spring96.org з пазнакай «Салідарнасць з Бахрэйнам». Далей усе фотаздымкі з Беларусі будуць перададзеныя арганізатару міжнароднай кампаніі - FIDH.
У дадатку - афіша FIDH з партрэтам Набіла Раджаба для фотаакцыі: