У Белаазёрску збіраюць подпісы супраць прапановы Тозіка
Сацыял-дэмакраты Берасцейскага рэгіёну выступілі супраць чарговай гучнай заявы намесніка прэм’ер-міністра РБ Анатоля Тозіка наконт платы за наведванне паліклінікі. Па словах сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Кузьміна з Белаазёрску, небяспечна тое, што гэтая ідэя ўжо падхоплена старшынёю Баранавіцкага гарсавета Віктарам Дзічкоўскім, які пайшоў у сваім жаданні яшчэ далей: браць плату не толькі за наведванне паліклінікі, але і за ложка-месца ў стацыянары. У Баранавічах адразу пачаўся збор подпісаў супраць, як кажуць сацыял-дэмакраты, абсурднай ідэі.
Цяпер акцыя падтрымана Белаазёрскам, кажа Аляксандр Кузьмін:
- Мы не толькі праявілі салідарнасць з Баранавіцкімі сябрамі партыі. Нашых хворых накіроўваюць не толькі ў Брэст, а і ў Баранавічы. Таму мы маем непасрэднае дачыненне да Баранавіч.
Белаазёрцы з гатоўнасцю ставяць свае подпісы. Людзі лічаць такую прапанову здзекам. Па словах Кузьміна, сабраныя подпісы будуць накіраваны не толькі ў Баранавіцкі гарвыканкам, але і Анатолю Тозіку, каб яны бачылі адмоўную рэакцыю народа.