Беларус-эколаг, якога не пусцілі ў Літву, выйграў справу ў віленскім судзе
У панядзелак Віленскі акруговы адміністрацыйны суд ануляваў рашэнне Дэпартамента міграцыі, якія забараніў уезд у Літву грамадзяніну Беларусі Мікалаю Уласевічу -- актывісту руху супраць АЭС.
Суд не знайшоў пацверджання таго, што Уласевіч можа прадстаўляць пагрозу дзяржаўнай бяспецы ці грамадскаму парадку.
Уласевіч быў запрошаны прыняць удзел у дыскусіі аб ядзернай энергетыцы, якая праходзіла 23 верасня ў Вільні, у парламенце. Аднак літоўскія памежнікі не пусцілі Уласевіча, калі ён збіраўся перасекчы мяжу.
Літоўскія службовыя асобы афіцыйна не каментуюць матываў, па якіх забаранілі яму ўезд у Літву.
Сам Уласевіч не ўдзельнічаў у пасяджэнні суда ў панядзелак, але яго адвакат сказаў, што задаволены рашэннем суда.
Суд прысудзіў на карысць Уласевіча 100 літаў (3 млн 300 тыс.) выдаткаў на судовае разбіральніцтва, адзначае Delfi.lt.