У сельгаспрадпрыемствах Бялыніцкага раёна заробакі выплочваюць несвоечасова
У сельгаспрадпрыемствах Бялыніцкага раёна парушаюць тэрміны выплаты заработнай платы сваім працаўнікам. Так, у адной з лепшых гаспадарак раёна, былой гаспадарцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь – ААТ “Новая Друць” – людзі атрымлівалі заробак за студзень 28-га лютага і 1 сакавіка.
Між тым, згодна калектыўнай дамове, свой заробак у гэтай гаспадарцы працаўнікі павінны атрымліваць да 25- га дня наступнага месяца.
“Да мяне, як да журналіста, сёння звярнуліся два працаўнікі ААТ “Новая Друць”, жыхары аграгарадка Вялікая Машчаніца, якія да гэтага часу не здолелі атрымаць свой сумленна зароблены заробак за студзень, - распавядае бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч. – Працаўнікам гэтай гаспадаркі пачалі выдаваць заробак за студзень толькі 28-га лютага, груба парушыўшы калектыўную дамову. 28-га ўсім грошы не хапіла, таму астанія атрымліваюць свой заробак толькі сёння, 1 сакавіка. Як кажуць работнікі ААТ “Новая Друць”, ім нават не было чым плаціць за камунальныя паслугі, тэрмін аплаты якіх якраз быў да 25 лютага”.
Між тым ААТ “Новая Друць” з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак Бялыніцкага раёна, што ўжо тады казаць пра іншыя гаспадаркі, сітуацыя са своечасовай выплатай заработнай платы ў якіх таксама вельмі напружаная.
“Ведаю, што вельмі складаная сітуацыя са своечасовай выплатай заробкаў сваім працаўнікам склалася таксама ў ААТ “Бялыніцкі райаграпромтэхзабеспячэнне”. Пра памер гэтых заробкаў нават казаць не хочацца, людзі працуюць літаральна за капейкі. Аднак працоўныя нават баяцца хоць нейкім чынам адстойваць свае правы, людзі запалоханыя кантрактнай сістэмай. Якраз сёння, 1 сакавіка, Магілёўскі КДК праводзіць прамую тэлефонную лінію па тэлефоне 8 (0222) 25-87-47 па пытанню “Аб своечасовасці выплаты заработнай платы”. Я параіў работнікам ААТ “Новая Друць” патэлефанаваць па гэтаму нумару, каб спецыялісты дзяржкантролю змаглі ім дапамагчы, аднак яны адмовіліся. Сказалі, што тады нада проста звальняцца з працы, бо жыцця не дадуць, а ў вёсцы нейкую іншую працу знайсці проста немагчыма. Тут яшчэ праблема палягае ў тым, што шмат хто з працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў жыве ў службовым жыллі. І калі людзі звальняюца, альбо іх звальняюць з працы, яны павінны гэтае жыллё адразу ж вызваліць, фактычна сям’я можа апынуцца на вуліцы. Такое вось своеасаблівае прыгоннае права атрымліваецца”, - кажа Барыс Вырвіч.