Допыты актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” працягваюцца
Сьледчы менскай пракуратуры Сяргей Грахоўскі дапытае сёньня яшчэ некалькі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Сярод тых, хто мусіць наведаць пракуратуру,– прэсавы сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі і Зьміцер Хведарук. Супрацоўнікі КДБ ўчора а 10 гадзіне ночы пачалі ператрус у кватэры Гарэцкага.
Нагадаем, што Зьмітра Хведарука і Алега Корбана трое сутак трымалі ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх затрымалі 4 лютага разам з 26 актывістамі “Маладога фронту” пад час паседжаньня цэнтральнай рады арганізацыі. Ім першым уручылі пастановы аб тым, што іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Наста Палажанка і Аляксей Янушэўскі на допыце атрымалі аналягічныя пастановы.
Аляксей Янушэўскі лічыць, што допыты ёсьць спробай запалохаць хутчэй за ўсё не маладафронтаўцаў, а тую частку моладзі, якая вагаецца: удзельнічаць у вулічных вясновых акцыях, або – не.
У рэгіёнах маладафронтаўцаў і актывістаў іншых незарэгістраваных моладзевых арганізацый дапытваюць сьледчыя КДБ. У Бабруйску на допыт пойдуць Валер Мацкевіч і Максім Буйніцкі.
Сёньня сьледчыя дапытаюць больш за дзесятак моладзевых актывістаў.