Вярхоўны суд Беларусі накіраваў пратэст у Гомельскі абласны суд на скаргу сябра “Справядлівага света”
Сябра партыі левых “Справядлівы свет” Валеры Рыбчанка (Жлобін) атрымаў адказ з Вярхоўнага суда на скаргу па ўмовах утрымання ў СІЗА г.Буда-Кашалёва.
–У адказе адзначана, што Вярхоўны суд разгледзеў маю скаргу і накіраваў пратэст у Прэзідыум Гомельскага абласнога суда, – кажа Рыбчанка. – На маёй памяці такога ніколі не было: як правіла, на нашы скаргі мы атрымлівалі адпіскі, пасля чаго адразу звярталіся ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Зараз Рыбчанка звярнуўся ў абласны суд, каб атрымаць копію пратэста Вярхоўнага суда.
Нагадаем, за раздачу інфармацыйных матэрыялаў у Дзень незалежнасці 3 ліпеня 2011 года кіраўніка раённай партыі “Справядлівы свет” Валерыя Рыбчанку і яго паплечніка Алега Костусёва асудзілі на 15 сутак арышту. Актывіст адбываў пакаранне ў ізалятары часовага ўтрымання горада Буда-Кашалёва. Праз нейкі час Рыбчанка падаў скаргу на ўмовы ўтрымання ў гэтым ізалятары, але паўсюль атрымаў адпіскі, таму звярнуўся ў Вярхоўны суд.