Брэсцкая група грамадскага маніторынгу змагаецца за гістарычны твар горада
На брыфінгу, які сябры групы грамадскага маніторынгу Ірына Лаўроўская, Валер Фамінскі і Уладзіслаў Абрамовіч правялі для прадстаўнікоў мас-медыя Берасцейшчыны, было адзначана, што руйнаванне гістарычнай спадчыны адбываецца без ведама грамадскасці.
Эксперты звярнулі ўвагу на тое, што ўлады цішком маніпулююць ахоўнымі зонамі крэпасці, змяншаючы іх, а таксама прадаючы дамы гістарычнай каштоўнасці, змешчаныя ў цэнтры Брэста, знішчаюць публічную прастору.
Горадабудаўнічая дзейнасць адбываецца без аб’яўлення тэндэра. Як падкрэсліў Валер Фамінскі, забудовы горада аддадзены ўладамі прарабам і інвестарам.
Няма ніякай адказнасці за нанясенне шкоды гістарычным каштоўнасцям, адзначылі эксперты.
Па словах Ірыны Лаўроўскай, “у выніку некарэктнага аўтарытарнага ўпраўлення гарадскімі тэрыторыямі, узнікла небяспека поўнага знішчэння марфалогіі помнікаў горадабудаўніцтва 19 стагоддзя. Ставіцца пад пагрозу захаванне ландшафтаў старога горада і крэпасці, якія могуць быць уключаны ў спісак ЮНЭСКА.”
На брыфінгу вырашана накіраваць ва ўладныя структуры пісьмо з патрабаваннем прыпініць будову маставога насыпу праз роў крэпасці.
Будаўніцтва маста на ахоўваемай тэрыторыі таксама пачалося цішком.