Дзень Волі ў Віцебску пад пагрозай з-за “сезонных захворванняў”
Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністрацыю Віцебска, каб 25 сакавіка правесці мітынг на віцебскім стадыёне «Лакаматыў». Старшыня абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў прапануе арганізаваць мітынг таксама 25 сакавіка, але ў Парку імя 30-годдзя ВЛКСМ.
Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў вырашылі, што абяднаюцца, калі хаця б адну з двух імпрэзаў дазволяць.
У тым, што на заяўкі будуць станоўчыя адказы, ёсць сумнёвы. Абодва месцы – гарадскія паркі – вызначаныя мясцовымі адміністрацыямі для правядзення масавых акцый. Аднак яшчэ адна ўмова, каб атрымаць дазвол, -- гэта наяўнасць дамоўленасцяў з цэнтральнай гарадской паліклінікай, абласной управай МУС і службамі ЖКГ на абслугоўванне мерапрыемства.
Гэтыя дзве ўмовы высоўвае Віцебск гарвыканкам, яны зацверджаны адпаведным рашэннем. Але выканаць іх за тры апошнія гады не ўдалося яшчэ нікому з дэмакратычных актывістаў. Бо згаданыя вышэй структуры па розных прычынах адмаўляюцца заключыць дамовы з прадстаўнікамі апазіцыі.
Так здарылася і гэтым разам: управа МУС і паліклініка адмовілі абодвум арганізатарам, назваўшы аднолькавыя аргументы. Медыкі спаслаліся на тое, што ўсе брыгады "хуткай дапамогі" занятыя ў сувязі з пікам сезонных захворванняў. І з міліцыі прыйшоў адказ, што дамова будзе заключана толькі ў тым выпадку, калі мерапрыемства дазволіць раённая адміністрацыя.
Апошняя акалічнасць абурыла арганізатараў: іх абавязваюць выконваць рашэнне гарвыканкаму, дзе напісана пра дамоўленасць з міліцыяй як першачарговую ўмову задавальнення заяўкі. А ўправа МУС парушае гэтае рашэнне, заявіўшы, што будзе дзейнічаць у адваротным парадку.
Старшыня абласной арганізацыі Леанід Аўтухоў напісаў скаргі ў пракуратуру і Віцебскі аблвыканкам на адмову медыкаў і міліцыі заключыць дамовы на абслугоўвання масавага мерапрыемства. Старшыня абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёну, каб медыкаў змусілі да заключэння дамовы ў судовым парадку. А таксама падаў скаргу ў Міністэрства унутраных справаў на парушэнні з боку абласной структуры МУС.
Абодва актывісты падалі заяўкі, прыклаўшы лісты, атрыманыя ад міліцэйскага кіраўніцтва і галоўурача цэнтральнай гарадской паліклінікі. Яны лічаць іх "адпіскамі", падкрэсліваюць, што такім чынам адказныя асобы парушыюць правы грамадзян на публічнае выказванне сваіх меркаванняў.
Леанід Аўтухоў заяўляе, што мерапрыемства будзе праведзенае, нягледзячы на магчымую адмову мясцовай адміністрацыі. Хрыстафор Жаляпаў спадзяецца на тое, што да імпрэзы яшчэ ёсць час, каб выйграць суд з медыкамі і атрымаць з МУС паведамленне, што віцебскім міліцыянтам загадана выправіць дапушчаныя парушэнні.