Бялыніцкаму прадпрымальніку “парэкамендавалі” спыніць распаўсюд незалежнай прэсы
Днямі ў краму да бялыніцкага прадпрымальніка Мікалая Мяцеліцы завітаў супрацоўнік Бялыніцкага РАУС. Набыццё нейкіх тавараў супрацоўніка праваахоўных органаў не вельмі зацікавіла, яго цікавасць выклікала распаўсюджваемая ў краме незалежная прэса.
Супрацоўнік міліцыі настойліва парэкамендаваў Мікалаю Мяцеліцу “спыніць займацца глупствам” і перастаць распаўсюджваць у сваёй краме маланакладныя дэмакратычныя газеты. Па словах супрацоўніка праваахоўных органаў, у адваротным выпадку ў бялыніцкага прадпрымальніка “могуць з’явіцца праблемы ў бізнэсе”.
Мікалай Мяцеліца кажа, што ён абсалютна спакойна адрэагаваў на папярэджанне міліцыянта:
“Я адрэагаваў абсалютна спакойна, сказаў, што ніякіх беларускіх законаў мы не парушаем, маланакладныя газеты выдадзены ў адпаведнасці з Законам аб СМІ і любы жадаючы можа ўзяць іх у маёй краме без усялякіх абмежаванняў. Таму мы і найдалей працягнем распаўсюджваць дэмакратычныя выданні” .
Маланакладныя газеты “Рэгіён”, “Паходня” і “Магілёўскі выбар” распаўсюджваюцца ў Бялынічах у крамах некалькіх прадпрымальнікаў, якія з’яўляюцца прыхільнікамі дэмакратычных поглядаў на развіццё беларускага грамадства.
Сам Мікалай Мяцеліца з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, ён намеснік старшыні Бялыніцкай раённай арганізацыі Партыі і Руху БНФ “Адраджэнне”.